за́гарада, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж. і за́гарад, ‑а, М ‑дзе, м.
1. Агароджа з жэрдак, колля і пад. Андрэй увайшоў у хлеў і прыпёрся плячамі да загарады. Крапіва.
2. Агароджанае месца для жывёлы; стойла. Там жа [у лесе] у загарадах стаяць каровы, свінні — падалей ад вайны. Навуменка.
загараджа́льнік, ‑а, м.
Ваеннае судна, якое ставіць мінныя і іншыя загароды. Мінны загараджальнік.
загараджа́льны, ‑ая, ‑ае.
Які служыць загародай ад чаго‑н., перашкодай чаму‑н. Загараджальны агонь. Загараджальны атрад. □ Над горадам віселі загараджальныя аэрастаты. Сяргейчык.
загараджэ́нне, ‑я, н.
Тое, што і загарода (у 1 знач.). Драцяное загараджэнне.
загарадзі́цца, ‑раджуся, ‑родзішся, ‑родзіцца; зак.
Адгарадзіць, адмежаваць сябе чым‑н.; абнесці сядзібу агароджай. Загарадзіцца плотам. // Засланіцца чым‑н. ад каго‑, чаго‑н.; адгарадзіцца. Айцец Сабольскі перапыніў Леаніда, працягнуў руку, загарадзіўся далонню, пасля сагнуўся, апусціў галаву. Пташнікаў.
загарадзі́ць, ‑раджу, ‑родзіш, ‑родзіць; зак., каго-што.
1. Зрабіць агароджу, плот; абвесці што‑н. агароджай, плотам. Людзі падышлі да таго месца, дзе трэба было загарадзіць плот. Ермаловіч. Гаспадар прайшоўся па двары, новы плот загарадзіў. Васілевіч.
2. Зрабіць перашкоду для каго‑, чаго‑н., перагарадзіць шлях, праход. Загарадзіць уваход. □ Серж грозна падбег да Насці і загарадзіў ёй дарогу. Чорны. Паравоз .. зашыпеў, абяссілены, загарадзіў чыгуначны шлях. Лынькоў. // Засланіць, закрыць кім‑, чым‑н. ад каго‑, чаго‑н. Таццяна загарадзіла сабою Севу ад мужа, абняла за плечы і пасадзіла на канапу. Карпаў.
3. Разм. Запрасіць высокую цану. Маці хадзіла да пана, упрошвала, але пан загарадзіў дзесяць злотых за патраву. Якімовіч. Тавар не вельмі што цікавы. А Крамнік хваліць: — Добрае наўздзіў! — Пасля й цану ж загарадзіў! Крапіва.
•••
Загарадзіць свет (дарогу) каму — аказацца, стаць перашкодай для каго‑, чаго‑н. Куды ні кінься, усё ў панскія рукі пападзеш. Свет яны ўвесь загарадзілі, а за простага чалавека ніхто не заступіцца. Колас.
за́гарадзь, ‑і, ж.
1. Агароджа з жэрдак, дроту і пад.; плот. Дзядзька Харытон яшчэ вясной абнёс проса загараддзю з ядлоўцу. Бажко. Уперадзе загарадзь з калючага дроту. Дамашэвіч.
2. Абгароджанае, выгараджанае месца для жывёлы, птушак; загарада. Дзяўчаткі .. паспелі вынесці качанят з хлеўчука на двор і пусціць у загарадзь. Шыловіч. Па баках хлява загарадзі для кожнай паасобна каровы. Галавач.
за́гарадка і загаро́дка, ‑і, ДМ ‑дцы; Р мн. ‑дак; ж.
1. Невысокая перагародка, звычайна ўнутры памяшкання. За загарадкаю на свабодна расстаўленых сталах працавала шмат канторшчыкаў. Гартны. Стаеннік злосна грыз зубамі загарадку, неспакойна біў капытоў цагляную падлогу. Васілевіч.
2. Месца, адгароджанае перагародкаю, плотам. Пасярод [хлява] вузкі калідор, а па баках загарадкі для свіннёй, кожнай асобна. Галавач. [Вера] пазаганяла кароў па загародках. Броўка.
за́гарадны, ‑ая, ‑ае.
1. Размешчаны недалёка за горадам. Загарадны дом творчасці. // Звязаны з ваколіцамі горада, з тэрыторыяй за горадам. Загарадная экскурсія. Загарадная маёўка. // Які курсіруе за межамі горада. Загарадны аўтобус.