Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

парты́йны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да партыі (у 1 знач.). Партыйны апарат. Партыйная дысцыпліна. // Які мае адносіны да членаў партыі. [Паланевіч:] Калі ваш старшыня не хоча вучыцца, паклічце яго на партыйны сход ды растлумачце як след. Крапіва. Недарэмна ён дбае, працуе як след, Каля сэрца трымае партыйны білет. Куляшоў. // Які з’яўляецца членам партыі. [Бумажкоў] быў грамадскім дзеячам, работнікам савецкім і партыйным. Чорны. // у знач. наз. парты́йны, ‑ага, м., парты́йная, ‑ай, ж. Той, хто з’яўляецца членам партыі.

2. Які адпавядае прынцыпам і задачам пэўнай партыі, пэўнага класа. Высока партыйную годнасць Павінен трымаць камуніст. Глебка.

3. Які мае адносіны да партыі (у 2 знач.).

партыкуля́рны, ‑ая, ‑ае.

Уст.

1. Прыветны, неафіцыйны.

2. Цывільны, не форменны (пра вопратку, адзенне).

[Ад лац. particularis.]

партыкуляры́зм, ‑у, м.

Кніжн. У буржуазнай навуцы — паняцце, якое абазначае ўсякі рух з мэтай набыцця або ўтрымання палітычнай, адміністрацыйнай ці культурнай аўтаноміі для тых або іншых частак дзяржавы.

[Ад лац. particularis.]

партыту́ра, ‑ы, ж.

Сукупнасць усіх партый шматгалосага музычнага твора. Партытура оперы. // Нотная кніга з запісам усіх партый такога твора. Давід Ойстрах і Леў Аборын падарылі Энеску партытуру канцэрта Хачатурана для скрыпкі і аркестра. «Беларусь».

[Іт. partitura.]

партыту́рны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да партытуры; прызначаны для партытуры.

па́ртыя, ‑і, ж.

1. Палітычная арганізацыя, якая выражае інтарэсы грамадскага класа або яго слоя, аб’ядноўвае найбольш актыўных прадстаўнікоў гэтага класа і кіруе імі ў дасягненні пэўных мэт і ідэалаў. Самым цэльным, поўным і аформленым выражэннем палітычнай барацьбы класаў з’яўляецца барацьба партый. Ленін.

2. Дабравольны баявы саюз аднадумцаў камуністаў, арганізаваны з прадстаўнікоў рабочага класа, працоўных сялян і інтэлігенцыі Савецкага Саюза; Камуністычная партыя Савецкага Саюза. На чале са сваім Цэнтральным Камітэтам наша партыя ўпэўнена вядзе краіну да новых перамог у барацьбе за камунізм. «Звязда».

3. Група людзей, аб’яднаных агульнасцю інтарэсаў, ідэй, поглядаў.

4. Група людзей, аб’яднаных для якой‑н. мэты; атрад. Партыя геолагаў. □ Будавалі перш за ўсё інтэрнаты для рабочых, новыя і новыя партыі якіх прыбывалі штодзень. Хадкевіч. На другі дзень на рабоце іх разлучылі. — Ніна засталася ў партыі жанчын, якая працавала ў горадзе, а Веру накіравалі на лесакамбінат. Мікуліч.

5. Пэўная колькасць якіх‑н. прадметаў, тавараў. Партыя летняга адзення. □ Ленінградскія рабочыя выпусцілі для сяла новую партыю трактароў. Курто.

6. Састаўная частка шматгалосага музычнага твора, якая выконваецца адным спеваком або на адным інструменце. Бабіньскі выконвае ў гданьскай оперы рад вядучых партый у операх заходніх і рускіх кампазітараў. «Звязда». Але вось чамусьці змоўклі вядучыя цымбалы, хоць партыя іх іменна ў гэтым месцы павінна была загучаць па ўсю моц. Мехаў. // Ноты для такой часткі. // Сольная роля ў оперы, балеце і пад. — З вялікай радасцю даведаўся я, што кіраўніцтва нашага тэатра даручае мне спяваць партыю Сяргея ў оперы Я. Цікоцкага «Дзяўчына з Палесся». «Маладосць».

7. Гульня (у шахматы, карты і пад.) з пачатку да канца.

8. Выгадны кандыдат для жаніцьбы, замужжа. Валодзя — вельмі харошая партыя для любой дзяўчыны. Арабей.

[Ад лац. partio — дзялю, падзялю]

партэнагене́з і партэнагене́зіс, ‑у, м.

Спец. Адна з форм палавога размнажэння арганізма, пры якой жаночыя палавыя клеткі развіваюцца без апладнення. Натуральны партэнагенез.

[Грэч. parthénos — нявінніца і gēnesis — паходжанне, развіццё.]

партэ́р, ‑а, м.

1. Ніжні паверх звычайна тэатральнай залы з месцамі для гледачоў. Пражане любяць свой тэатр. Усе месцы, і ў партэры, і на ярусах, былі запоўнены. Мележ. // перан.; зб. Разм. Людзі, што займаюць гэтыя месцы. У тую хвіліну, калі зарагатаў партэр і калі Гогіберыдзе зразумеў у чым справа, — кроў прыліла да галавы, яго ахапіў гнеў. Самуйлёнак.

2. Адкрытая частка парку або саду, размешчаная звычайна на роўнай мясцовасці, аформленая газонамі, кветнікамі, вадаёмамі. Ад замка вялі ўніз травяныя партэры. Караткевіч.

3. У некаторых краінах — назва паверха над падвальнымі памяшканнямі; першы паверх. Што там! — яны не адчувалі нават цяжару таго, што валаклі неўзабаве з партэра на паверх: пры гэтай дзяўчыне раяль здаўся ім... от, нібы ложак які. Брыль.

4. Спец. Становішча ў спартыўнай барацьбе, калі барэц ляжыць на дыване або, стоячы па каленях, абапіраецца на дыван рукамі.

[Фр. parterre.]

партэ́рны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да партэра (у 1, 2 і 3 знач.). Партэрныя гледачы. Партэрная зеляніна.

2. Спец. Які карыстаецца партэрам (у 4 знач.); які выконваецца ў партэры (у 4 знач.). Партэрны барэц. Партэрная барацьба.

партэ́сны, ‑ая, ‑ае.

Шматгалосы (пра царкоўнае харавое спяванне).

[Ад лац. pars, partes — частка, удзел.]