партыя, ‑і, ж.

1. Палітычная арганізацыя, якая выражае інтарэсы грамадскага класа або яго слоя, аб’ядноўвае найбольш актыўных прадстаўнікоў гэтага класа і кіруе імі ў дасягненні пэўных мэт і ідэалаў. Самым цэльным, поўным і аформленым выражэннем палітычнай барацьбы класаў з’яўляецца барацьба партый. Ленін.

2. Дабравольны баявы саюз аднадумцаў камуністаў, арганізаваны з прадстаўнікоў рабочага класа, працоўных сялян і інтэлігенцыі Савецкага Саюза; Камуністычная партыя Савецкага Саюза. На чале са сваім Цэнтральным Камітэтам наша партыя ўпэўнена вядзе краіну да новых перамог у барацьбе за камунізм. «Звязда».

3. Група людзей, аб’яднаных агульнасцю інтарэсаў, ідэй, поглядаў.

4. Група людзей, аб’яднаных для якой‑н. мэты; атрад. Партыя геолагаў. ▪ Будавалі перш за ўсё інтэрнаты для рабочых, новыя і новыя партыі якіх прыбывалі штодзень. Хадкевіч. На другі дзень на рабоце іх разлучылі. — Ніна засталася ў партыі жанчын, якая працавала ў горадзе, а Веру накіравалі на лесакамбінат. Мікуліч.

5. Пэўная колькасць якіх‑н. прадметаў, тавараў. Партыя летняга адзення. ▪ Ленінградскія рабочыя выпусцілі для сяла новую партыю трактароў. Курто.

6. Састаўная частка шматгалосага музычнага твора, якая выконваецца адным спеваком або на адным інструменце. Бабіньскі выконвае ў гданьскай оперы рад вядучых партый у операх заходніх і рускіх кампазітараў. «Звязда». Але вось чамусьці змоўклі вядучыя цымбалы, хоць партыя іх іменна ў гэтым месцы павінна была загучаць па ўсю моц. Мехаў. // Ноты для такой часткі. // Сольная роля ў оперы, балеце і пад. — З вялікай радасцю даведаўся я, што кіраўніцтва нашага тэатра даручае мне спяваць партыю Сяргея ў оперы Я. Цікоцкага «Дзяўчына з Палесся». «Маладосць».

7. Гульня (у шахматы, карты і пад.) з пачатку да канца.

8. Выгадны кандыдат для жаніцьбы, замужжа. Валодзя — вельмі харошая партыя для любой дзяўчыны. Арабей.

[Ад лац. partio — дзялю, падзялю]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)