пасярэ́дзіне, прысл. і прыназ.
1. прысл. У сярэдзіне, у цэнтры, на аднолькавай адлегласці ад аднаго і другога краю. Школьная святліца здалася Міхасю такою веліччу, такім хараством, што ён стаў пасярэдзіне і не смеў ступіць далей. Колас. Па шырокім асфальце ішла прыгожая, хораша адзетая пара. Упоравень адно з адным, а пасярэдзіне сын. Кулакоўскі. У хаце пуста і няўтульна. Пасярэдзіне чорная печка. Асіпенка. З краёў балота зарасло альшэўнікам і лазой, а пасярэдзіне было амаль голым, толькі дзе-нідзе купкамі выбіваўся малады альхоўнік. Дуброўскі.
2. прыназ. з Р. Спалучэнне з прыназоўнікам «пасярэдзіне» выражае прасторавыя адносіны; ужываецца пры назве месца або прасторы, у сярэдзіне ці ў цэнтры якіх што‑н. знаходзіцца, адбываецца. Пасярэдзіне мястэчка, збоку рыначнай плошчы, узвышаецца белы касцёл. Брыль. Пасярэдзіне школы стаяў стол для настаўніка. Колас. Вышэй маста берагі рэчкі крутыя і высокія. Праўда, падымаюцца яны не ад самай вады, а воддаль, утвараючы пойму, пасярэдзіне якой у жоўтым напоеным пяску і цячэ гэтая невялічкая рэчка. Шамякін.
пасяўны́, ‑ая, ‑ое.
1. Які мае адносіны да пасеву. Пасяўная кампанія. Пасяўныя работы. // Які служыць для пасеву, прызначаны для пасеву. Пасяўны фонд. Пасяўная тэхніка. Пасяўныя плошчы.
2. у знач. наз. пасяўна́я, ‑ой, ж. Кампанія па. сяўбе сельскагаспадарчых культур. Да свят бярозаўцы справіліся з пасяўной, з копкай бульбы. Васілевіч. Вясеннім днём на пасяўной Брыгада працавала. Танк.
пасячы́, ‑сяку, ‑сячэш, ‑сячэ; ‑сячом, ‑сечаце, ‑сякуць; пр. пасек, ‑секла; заг. пасячы; зак.
1. што. Высечы, ссячы ўсё, многае. Слухаў ён [дыверсант], сам з сабой размаўляў, як п’яны: «Я вярнуся на гэту зямлю. Пасяку ўсе сады, папалю ўсе млыны, Хаты чорным агнём спапялю...» Куляшоў.
2. каго-што. Рассячы па кавалкі, падрабніць што‑н. Пасячы дровы. Пасячы мяса на катлеты. □ [Яніна:] Хоць на кавалкі пасячыце мяне, усё адно не пайду за нялюбага! Козел.
3. каго. Засячы, забіць усіх, многіх якой‑н. халоднай зброяй. Пасячы ворага шаблямі.
4. што. Параніць якую‑н. частку цела сякерай, секачом і пад. [Таццяна:] — Глядзі, дзетка маё, асцярожненька махай сякерай. Не дай бог, яшчэ нагу пасячэш. Асіпенка. // Пашкодзіць, папсаваць што‑н. Можа б Клім пасек бы падлогу і пабіў увесь посуд у хаце, каб урэшце не схапілі яго за рукі мужчыны. Ермаловіч. Андрэй плюнуў: «Пякло ўсё лета, як на скаварадзе сядзелі, а тут — град. Пасек усё на свеце. Дабіў недзе і на полі тое, што яшчэ асталося, не згарэла за лета». Пташнікаў.
5. што, чаго і без дап. Сячы некаторы час.
пасячы́ся, ‑сячэцца; ‑сякуцца; пр. пасекся, ‑секлася; зак.
1. Рассячыся на кавалкі, падрабніцца. Бацвінне лёгка пасеклася.
2. Стаўшы сухім, расшчапіцца і абламацца на канцах (пра валасы).