пасярэдзіне, прысл. і прыназ.

1. прысл. У сярэдзіне, у цэнтры, на аднолькавай адлегласці ад аднаго і другога краю. Школьная святліца здалася Міхасю такою веліччу, такім хараством, што ён стаў пасярэдзіне і не смеў ступіць далей. Колас. Па шырокім асфальце ішла прыгожая, хораша адзетая пара. Упоравень адно з адным, а пасярэдзіне сын. Кулакоўскі. У хаце пуста і няўтульна. Пасярэдзіне чорная печка. Асіпенка. З краёў балота зарасло альшэўнікам і лазой, а пасярэдзіне было амаль голым, толькі дзе-нідзе купкамі выбіваўся малады альхоўнік. Дуброўскі.

2. прыназ. з Р. Спалучэнне з прыназоўнікам «пасярэдзіне» выражае прасторавыя адносіны; ужываецца пры назве месца або прасторы, у сярэдзіне ці ў цэнтры якіх што‑н. знаходзіцца, адбываецца. Пасярэдзіне мястэчка, збоку рыначнай плошчы, узвышаецца белы касцёл. Брыль. Пасярэдзіне школы стаяў стол для настаўніка. Колас. Вышэй маста берагі рэчкі крутыя і высокія. Праўда, падымаюцца яны не ад самай вады, а воддаль, утвараючы пойму, пасярэдзіне якой у жоўтым напоеным пяску і цячэ гэтая невялічкая рэчка. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)