загарпу́ньваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да загарпуніць.
загартава́насць, ‑і, ж.
Уласцівасць загартаванага. Загартаванасць сталі. Загартаванасць арганізма.
загартава́ны і загарто́ваны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад загартаваць.
2. у знач. прым. Стойкі, вынослівы, здольны пераносіць цяжкасці, неспрыяльныя ўмовы. Ніхто на .. [холад] не скардзіцца. Усе [студыйцы] загартаваныя, маладыя і жыццярадасныя. Сяргейчык.
загартава́цца, ‑туюся, ‑туешся, ‑туецца; зак.
1. Стаць больш цвёрдым і моцным у выніку награвання да высокай тэмпературы і хуткага ахаладжэння. Сталь добра загартавалася.
2. перан. Зрабіцца стойкім, вынослівым, здольным пераадольваць цяжкасці, неспрыяльныя ўмовы. У часе вайны Кірыла не толькі загартаваўся, а тут як бы канчаткова склаўся яго характар. Гурскі. Непарушнае брацтва ўсіх савецкіх людзей.. загартавалася і ўзмацнела ў агні свяшчэннай барацьбы. «Звязда».
загартава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; зак., каго-што.
1. Надаць большую цвёрдасць і моц шляхам награвання да высокай тэмпературы, а затым хуткага ахаладжэння. Загартаваць сякеру. □ Натачы, кавалёк, Вострым-востра сярпок, Адпусці, назубі, загартуй. Купала.
2. перан. Зрабіць стойкім, вынослівым, здольным пераадольваць цяжкасці. Не зламала Аўдолю гора, толькі загартавала больш, прывучыла на сябе, на сваю сілу і рукі спадзявацца. Крапіва. Суровая прырода загартавала моцную натуру. Мележ.
загарто́вачны, ‑ая, ‑ае.
Прызначаны для загартоўвання, загартоўкі (у 1 знач.). Загартовачны агрэгат.
загарто́ўванне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. загартоўваць — загартаваць і стан паводле знач. дзеясл. загартоўвацца — загартавацца.
загарто́ўвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да загартавацца.
2. Зал. да загартоўваць.
загарто́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да загартаваць.