Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

загарну́цца, ‑гарнуся, ‑горнешся, ‑горнецца; зак.

1. Ахінуць, абгарнуць сябе чым‑н., закруціцца ў што‑н. Загарнуцца ў коўдру. □ [Васіль] загарнуўся ў світу і паспрабаваў зноў заснуць, аднак сон ужо не ішоў. Мележ.

2. Перагарнуцца; закрыцца (пра што‑н. раскрытае). Старонка загарнулася. Кніга загарнулася.

загарну́ць, ‑гарну, ‑горнеш, ‑горне; зак., каго-што.

1. Згарнуць у адно месца; загрэбці. [Люба] загарнула жар, засланіла печ. Чорны.

2. Прыкрыць зверху (пяском, лісцем і пад.). Загарнуць зямлёй свежы пень.

3. Ахінуць, закруціць у што‑н. Казюк асцярожна загарнуў серп у хустку і палажыў у куток на палаці. Броўка. Загарнула маці Стася ў свой кажушок і панесла да хаты. Кавалёў.

4. Закрыць (кнігу, сшытак і пад.). [Алеся] з шумам загарнула канспект, энергічна пляснула па ім рукой. Васілевіч.

5. Загнуць, адвярнуць край адзення, тканіны і пад. Нявада зрабіў рух да акна, дзе святлей, і загарнуў сподам наверх крысо свае вопраткі. Чорны. Грыцко загарнуў расчоскай проста ад ілба яго жорсткую рыжаватую чупрыну і лёгка, нібы толькі ўзмахнуўшы ножкамі, зняў яе. Кулакоўскі.

6. перан. Разм. Узяць сабе, прысвоіць. — Ты такі прагны, што ўсё загарнуў бы сабе. Пестрак.

загаро́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

1. Штучна зробленая перашкода. Мінная загарода. Аэрастаты паветранай загароды. □ Сапёры размотвалі скруткі калючага дроту, забівалі ў зямлю калы. Будавалі драцяную загароду. Хомчанка.

2. Агароджа, загарадзь (у 1 знач.). Машына, на якой прыехалі Павел Андрэевіч і прафесар, з павароту паціху прайшла за высокую загароду прасторнага.. двара. Галавач.

3. Тое, што і загарадзь (у 2 знач.). Не прывяла Зося ад бацькі каровы, вось і пустуе загарода ў Верамейчыкавым хляве. Крапіва.

загаро́ддзе, ‑я, н.

Разм. Месца за агародамі. Хмыль усё стаяў на пагорку, напэўна, раздумваў, ісці яму вуліцай ці па загароддзю, хаваючыся ад людскіх вачэй. М. Стральцоў.

загаро́джаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад загарадзіць.

загаро́джванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. загароджваць — загарадзіць.

загаро́джвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да загарадзіцца.

2. Зал. да загароджваць.

загаро́джваць і загара́джваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да загарадзіць.

загаро́дка,

гл. загарадка.

загарпу́ніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; зак., каго.

Злавіць, здабыць гарпуном, узяць на гарпун. Загарпуніць кіта. Загарпуніць маржа.