Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

падда́нства, ‑а, н.

Прыналежнасць грамадзянін да пэўнай дзяржавы, паняцце ўласцівае феадальнаму і буржуазнаму праву. // Уст. Падпарадкаванне каму‑н. Быць у поўным падданстве.

падда́ны 1, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад паддаць (у 1, 2 і 5 знач.).

падда́ны 2, ‑ага, м.

Асоба, якая знаходзіцца ў падданстве якой‑н. дзяржавы. Французскі падданы. □ Пачалася вайна, і Гушка як падданы Расіі павінен адпраўляць на фронт свайго сына. Пшыркоў. // Уст. Асоба, якая падпарадкуецца каму‑н., залежыць ад каго‑н. У маёнтку сваім, У зялёным бары Дзень у дзень пан Міхайла Падданых судзіў. Бядуля.

паддаўкі́, ‑оў; адз. няма.

Разм. Гульня ў шашкі, у якой выйгравае той, хто хутчэй аддасць усе свае шашкі праціўніку. Гуляць у паддаўкі.

падда́цца, ‑дамся, ‑дасіся, ‑дасца; ‑дадзімся, ‑дасцеся, ‑дадуцца; зак.

1. каму-чаму і без дап. Уступіць знешняму ўздзеянню, націску, напору і пад. Дрэва паддалося вострай піле. □ Грыша пастукаў у дзверы галоўнага ўрача — ніхто не адгукнуўся, штурхнуў далонню — не паддаліся. Місько. // чаму. Змяніцца пад знешнім уздзеяннем. Расліны паддаліся скрыжаванню. Метал паддаўся апрацоўцы. // перан.; на што, чаму. Паверыць, згадзіцца з чым‑н. Паддалася нарэшце [Назарыха] ўгаворам. Прадала хату. Б. Стральцоў. Няхай сабе Міха брэша што хоча, а Юрка не паддасца на правакацыю і не палезе першы ў бойку. Паслядовіч. // чаму. Мець уласцівасці, якія неабходны для ажыццяўлення якога‑н. дзеяння. Паддацца расшыфроўцы. Паддацца вымярэнню.

2. каму і без дап. Уступіць у барацьбе, спаборніцтве і пад. Не паддацца ворагу. □ Ведае Сомік, што сам вінават, а паддацца бабе не хоча. Як гэта, каб яе верх быў? Крапіва. Сам.. [брыгадзір] працаваў, як вол, і мы стараліся не паддацца. Савіцкі. // каму-чаму. Падпасці пад уладу, уплыў людзей, знешніх абставін і пад. Паддацца дрэннаму ўплыву. □ Чаму я так хутка паддаўся гэтаму Кузю, раблю, што ён загадае, хаджу за ім? Жычка. // перан.; чаму. Падпасці пад уладу, уплыў якіх‑н. пачуццяў, уражанняў, фізічнага ўздзеяння і пад. Паддацца страху. Паддацца паніцы. □ [Рыгор] раптам паддаўся ваяўнічаму настрою. Гартны. А вапельная гара! А Сіняўскі гай... Хіба толькі той не паддасца чарам іх хараства, які ў харастве нічога не кеміць. Колас.

3. каму. Разм. У гульні — спецыяльна даць праціўніку выйграць. Паддацца партнёру.

падда́ць, ‑дам, ‑дасі, ‑дасць; ‑дадзім, ‑дасце, ‑дадуць; зак.

1. каго-што. Дапамагчы падняць што‑н. (часцей за ўсё на спіну, плечы). Варанецкі выцягнуў ношку асакі з балота, паддаў яе жанчыне на плечы. Дуброўскі. Крыху супакоіўшыся, Зося папрасіла, каб я паддаў ёй на плечы мяшок. Бажко.

2. што. Ударам, штуршком знізу падкінуць. Паддаць мяч. □ Паддаўшы плячом аўтамат, камбат нялёгка ўздыхнуў і пайшоў па гразі даганяць калону. Быкаў. Сашка прайшоў да шалаша, каля ўваходу паддаў нагой кімсьці кінуты агрызак яблыка. Ракітны. // чым. Зрабіць рэзкі рух якой‑н. часткай цела (пра жывёл). Конь паддаў задам.

3. каму. Разм. Стукнуць каго‑н. (звычайна ўдарам знізу ўверх). А я, нібы не чуючы.. [хлопцаў], зацмокаў, паддаў Буланчыку пяткамі пад бакі. Ляўданскі. [Трэзор] За вуха ўхапіў Свінню, Казёл паддаў ёй ззаду І выперлі нягодніцу на двор. Корбан.

4. чаго. Павялічыць сілу, напружанасць, хуткасць чаго‑н. Паддаць пары. Паддаць газу. Паддаць агню. □ Гудок на фабрыцы прымусіў .. [Зыдора] паддаць ходу. Чорны. // перан. Зрабіць мацнейшым якое‑н. пачуццё, адчуванне, жаданне і пад. Паддаць сілы. Паддаць злосці. Паддаць рашучасці. □ Абнадзеіў настаўнік Сцёпку, ахвоты да навукі паддаў. Колас.

5. што. Разм. У некаторых гульнях — спецыяльна аддаць праціўніку (шашку, карту і пад.). Паддаць шашку. Паддаць карту.

•••

Паддаць жару — а) узбудзіць энергію, зрабіць больш жвавым; б) падбухторыць, садзейнічаць узмацненню якіх‑н. дзеянняў, пачуццяў.

падда́ча, ‑ы, ж.

Дзеянне паводле дзеясл. паддаць (у 1, 2, 4 і 5 знач.) і паддацца (у 3 знач.).

падда́шак, ‑шка, м.

Разм. Памяшканне, якое знаходзіцца пад самым дахам, паміж столлю і дахам; гара. Чубар прыхінуўся плячом да драбінаў, што былі прыстаўлены да сцяны, каб лазіць на паддашак. Чыгрынаў.

падда́шкавы, ‑ая, ‑ае.

Разм. Які мае адносіны да паддашка; які знаходзіцца ў паддашку. Паддашкавае акно было адчынена. П. Ткачоў. Асцярожна, каб не нарабіць груку абцасамі на жалезных лістах,.. [Віця] дабраўся да паддашкавага акенца. Шыловіч.

падда́шша, ‑а, н.

Прастора паміж столлю і дахам. // Жылое памяшканне, якое знаходзіцца пад дахам.

паддзе́ць, ‑дзену, ‑дзенеш, ‑дзене; зак., каго-што.

1. Тое, што і пададзець. Анісім пашкадаваў пра сябе, што не паддзеў пад спод ватовай камізэлькі. Сачанка.

2. Падчапіць чым‑н. Большы [зубр] спыніўся каля веласіпеда, абнюхаў яго і, матнуўшы галавой, паддзеў рогам за раму. Хадкевіч.

3. перан. Разм. Задзець субяседніка калючай заўвагай; укалоць. Да мяне ў гэты момант дайшло, што Алёшка не жартуе, хлопец ён, рашучы, ды яшчэ калі паддзенеш яго. Хадкевіч.