Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

папрабава́ць, ‑прабую, ‑прабуеш, ‑прабуе і папро́баваць, ‑пробую, ‑пробуеш, ‑пробуе; зак.

1. што і чаго. Праверыць стан або якасць чаго‑н. Папрабаваць пальцам лязо. □ На гэтым плывуне, ратуючы будынак, папрабавала свае сілы не адна брыгада. Чыгрынаў. Коннік наганяў Кандрата і ўжо трымаў напагатове шаблю. Яму проста хацелася папрабаваць лоўкасць і сілу свайго ўдару. Колас. // З’есці або выпіць чаго‑н. для пробы, паспытаць. Камандзір батальёна, як гаспадар, запрашаў, хто заходзіў сюды, папрабаваць мядку. Колас. Тут на дзвярах замок ніколі не вісіць, І хто б ні ехаў, зблізку ці здалёку, — Заходзьце ў маю хату адпачыць, Папрабаваць бярозавага соку. Русак.

2. чаго; перан. Зведаць у жыцці, на практыцы, на сваім вопыце. Шмат чаго папрабаваў ён на сваім вяку.

3. з інф. Зрабіць спробу чаго‑н. Настаўнік крыху падумаў. — Ведаеш што, Сцёпа, папрабуй ты на рабфак паступіць. Колас.

папрабіва́цца, ‑аецца; ‑аемся, ‑аецеся, ‑аюцца; зак.

1. Прабіцца, прарвацца праз што‑н. з сілай — пра ўсіх, многіх або ўсё, многае. Мабыць, па гэтай шашы ў мірныя дні і машын хадзіла вельмі мала, бо праз каменне бруку сям-там папрабіваліся чэзлыя зялёныя парасткі. Сабаленка.

2. (1 і 2 ас. мн. не ўжыв.). Выступіць на паверхню — пра ўсё, многае. Пачырванеў.. [брыгадзір], аж кроплі поту на носе папрабіваліся. Шынклер.

3. Накалоцца на што‑н. вострае — пра ўсіх, многіх або ўсё, многае.

папрабіва́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

1. Прабіць, праламаць што‑н. у многіх месцах. Я месцы ведаю, папрабаваў.. палонкі. На ноч туды вуды пастаўлю, а ранічкаю — рыбка. Савіцкі. // Прайсці праз што‑н. з сілай — пра ўсё, многае. Крыніцы папрабівалі пясок.

2. Пракалоць чым‑н. вострым усё, многае. Папрабіваць ногі на цвікі.

паправа́львацца, ‑аецца; ‑аемся, ‑аецеся, ‑аюцца; зак.

Праваліцца — пра ўсіх, многіх або ўсё, многае. Коні паправальваліся ў балота. Паправальвацца на ўступных экзаменах. □ На тым месцы, дзе была .. [магіла], ён убачыў адну разварушаную зямлю — хтосьці зноў засыпаў яму, але сыры пясок асеў, паправальваўся. Чыгрынаў.

паправе́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

Стаць больш правым па сваіх палітычных поглядах і перакананнях.

папра́віцца, ‑праўлюся, ‑правішся, ‑правіцца; зак.

1. Ачуняць, аднавіць свае сілы, здароўе (пасля хваробы, ранення). Захварэлі Шарык з Юркам у адзін дзень. Але Юрка паправіўся першы. Брыль. [Назарэўскі] расказаў, што не мог адразу ехаць, бо ранены і яшчэ не паправіўся. Чорны. / Разм. Пра часткі цела. Сёлета нага паправілася — дала жонка рады, націраючы бадзягай. Чыгрынаў. // Стаць паўнейшым, патаўсцець. На выгодзе жывучы, .. [Пракоп] паправіўся і скруглеў. Вітка.

2. Палепшыцца, змяніцца на лепшае. Перад світаннем паляцела навальніца. «Добра, як, — меркаваў Сяльчонак, — яравыя паправяцца. Трава таксама». Асіпенка. // Разм. Стаць лепшым у маральных адносінах, выправіцца. Я ведаў бацькаву лупцоўку і абяцаў паправіцца. Дамашэвіч. Не апошні ж .. [Сяргей] быў чалавек у вёсцы... Спадзявалася [Анісся], а мо паправіцца... Усё магло стацца, не такіх папраўлялі. Лынькоў.

3. Выправіць сваю памылку (звычайна пры выказванні). — Прагледзіце яшчэ раз з Дорай... з Дорай Змітраўнай, — паправіўся .. [Дзімін], — падумаеце. Карпаў.

4. Прыняць больш зручную позу. Лабановіч паправіўся на возе, дастаў папяросы. Колас.

папра́віць, ‑праўлю, ‑правіш, ‑правіць; заг. папраў; зак., каго-што.

1. Ліквідаваўшы пашкоджанні, зрабіць прыгодным для карыстання; выправіць. [Куліпа:] — Сёння дажджу няма, таксі павінна пайсці. Гэта ўчора нешта ў ім паламалася. Але ж, пэўна, паспелі паправіць. Чыгрынаў. Трэба было падладзіць плугі, паправіць падвесную дарогу на свінаферме. Даніленка. // перан. Змяніць на лепшае або вярнуць да ранейшага (аб справах, жыцці і пад.). Зноў запяклі думкі пра сваё малое, пра бяду, якой ужо не паправіць ніколі. Мележ. [Алека] неяк падумаў, што да прыезду гаспадароў няблага купіць бутэльку віна.. Але ж было яшчэ не позна, усё яшчэ можна было паправіць. Хадановіч.

2. Прывесці да належнага выгляду, да парадку. Паправіць хустку на галаве. □ Навасад паправіў за плячамі мяшок і ўвайшоў у вуліцу сяла. Краўчанка. Лена паправіла кветкі ў гладышыку, абарвала некалькі звялых лістоў. Ваданосаў.

3. Ліквідаваць недахопы, памылкі. — Ёсць там і памылкі, і недагляды. Але ўсё гэта можна паправіць. Скрыган. // Указаць каму‑н. на зробленую памылку. Цыля прываблівала сваёй адукаванасцю, смелымі думкамі і ўменнем паправіць чалавека, не робячы яму крыўды. Асіпенка. // Унесці папраўкі ў чые‑н. словы, выказванні. — Не муравашка, а мурашка, — паправіла Вера Антонаўка і скрывілася, гатовая заплакаць. Карпаў.

4. Аднавіць, палепшыць, умацаваць. [Сальвэсь:] — Яна [жанчына] там нагаворыць! Ох, яна там нагаворыць ужо! А тут што, яна дзеля гэтага і замуж ішла, каб маім дабром сваю гаспадарку паправіць. Чорны. // Разм. Палепшыць чым‑н. здароўе. У дваццаць пяць гадоў трэба было б жыць самастойна, зарабляць не толькі на сябе, але і на сям’ю. Колькі разоў узнікалі гутаркі аб гэтым! Але такт Адама Юр’евіча, бацькі, згладжваў вострыя куты. Аб гэтым будзем думаць, калі льга будзе паправіць здароўе... Мікуліч.

папраганя́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; зак., каго-што.

1. Прагнаць, прымусіць пайсці адкуль‑н. усіх, многіх. Нарэшце папраганяў з поля людзей вечар.. І ноч ахінула неўзабаве сваім чорным плашчом зямлю. Мурашка. // Разм. Выгнаць, звольніць з работы ўсіх, многіх. Папраганяць прагульшчыкаў са службы.

2. Правесці, пракласці ў патрэбным кірунку многа чаго‑н. Папраганяць барозны плугам.

папрагіна́цца, ‑аецца; зак.

Прагнуцца — пра ўсё, многае. Маснічыны папрагіналіся.

папрагіна́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

Прагнуць у многіх месцах. Папрагінаць дошкі.