папра́віцца, ‑праўлюся, ‑правішся, ‑правіцца; зак.

1. Ачуняць, аднавіць свае сілы, здароўе (пасля хваробы, ранення). Захварэлі Шарык з Юркам у адзін дзень. Але Юрка паправіўся першы. Брыль. [Назарэўскі] расказаў, што не мог адразу ехаць, бо ранены і яшчэ не паправіўся. Чорны. / Разм. Пра часткі цела. Сёлета нага паправілася — дала жонка рады, націраючы бадзягай. Чыгрынаў. // Стаць паўнейшым, патаўсцець. На выгодзе жывучы, .. [Пракоп] паправіўся і скруглеў. Вітка.

2. Палепшыцца, змяніцца на лепшае. Перад світаннем паляцела навальніца. «Добра, як, — меркаваў Сяльчонак, — яравыя паправяцца. Трава таксама». Асіпенка. // Разм. Стаць лепшым у маральных адносінах, выправіцца. Я ведаў бацькаву лупцоўку і абяцаў паправіцца. Дамашэвіч. Не апошні ж .. [Сяргей] быў чалавек у вёсцы... Спадзявалася [Анісся], а мо паправіцца... Усё магло стацца, не такіх папраўлялі. Лынькоў.

3. Выправіць сваю памылку (звычайна пры выказванні). — Прагледзіце яшчэ раз з Дорай... з Дорай Змітраўнай, — паправіўся .. [Дзімін], — падумаеце. Карпаў.

4. Прыняць больш зручную позу. Лабановіч паправіўся на возе, дастаў папяросы. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)