Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

падгрымірава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак., каго-што.

Загрыміраваць злёгку або дадаткова. Падгрыміраваць артыста. Падгрыміраваць твар.

падгрыміро́ўвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да падгрыміравацца.

2. Зал. да падгрыміроўваць.

падгрыміро́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да падгрыміраваць.

падгры́фак, ‑фка, м.

Уст. Пласцінка на струнных інструментах, да якой прывязваюцца ніжнія канцы струн.

падгрэ́бены, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад падгрэбці.

падгрэ́бці, ‑грабу, ‑грабеш, ‑грабе; ‑грабём, ‑грабяце; пр. падгроб, ‑грэбла і ‑грабла, ‑грэбла і ‑грабло; зак., што.

1. Грабучы, сабраць у адно месца, у адну кучу. Падгрэбці сена. // Пры дапамозе грабель прыбраць, падчысціць дзе‑н. Падгрэбці салому на двары. □ Дзядзька Андрэй моўчкі падгроб сена, ускінуў наверх і, навёўшы поўны парадак, зачыніў дзверы і павесіў замок. Ус. // Разм. Грабянуўшы, падкінуць пад што‑н., бліжэй да каго‑, чаго‑н. Падгроб [Платон] нагой пад шалі дробныя гіры і спыніўся перад Сцяпанам. Ракітны.

2. і чаго. Падгарнуць пад сябе. Мілоўскі прыўзняўся, падгроб пад сябе саломы і, скурчыўшыся, прымасціўся ў развалах. Галавач. // перан. Разм. Захапіць сабе, заўладаць чым‑н. Была ў постаці Макара цвёрдая самаўпэўненасць, жаданне падтаптаць усіх сабе пад ногі, чым больш падгрэбці пад сябе рознай маёмасці і крыкнуць усім: — Вось гэта ўсё маё. Не хадзі сюды! Чорны.

падгрэ́бціся, ‑грабуся, ‑грабешся, ‑грабецца; ‑грабёмся, ‑грабяцеся; пр. падгробся, ‑грэблася і ‑граблася, ‑грэблася і ‑граблося; зак.

Разм. Грабучы чым‑н., падкапацца пад што‑н. Ваўкі падгрэбліся пад хлеў.

падгу́бны, ‑ая, ‑ае.

Які знаходзіцца, праходзіць пад губой. Падгубны рэмень у вуздэчцы.

падгу́зак, ‑зка, м.

Разм. Невялікая пялёнка, якая складваецца трохвугольнікам і ўжываецца для закручвання ніжняй часткі тулава груднога дзіцяці.

падгу́льваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Парушаць сямейную вернасць або вернасць у каханні. Жонка [Ціхона Шайдоба] Аўдоцця любіла падгульваць. Федасеенка.