Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

папа́сціся, ‑падуся, ‑падзешся, ‑падзецца; ‑падзёмся, ‑падзяцеся; пр. папаўся, ‑палася; заг. пападзіся; зак.

1. Апынуцца ў якіх‑н. абставінах, умовах (звычайна непрыемных). — Нічога цяпер не паробіш... — ідучы за Віктарам, вінавата гаварыў Іван. — Прыйдзецца ўсё аднесці дырэктару. Прыходзь вечарам да мяне... — Няма дурных, — сказаў Віктар.. — Сам папаўся, сам і выкручвайся. Васілёнак. — Куды [едзем]? — перапытаў Барыс і ўхмыльнуўся. — Папаўся ты, брат. Едзем мы на свята песні, ведаеш такое? Жычка.

2. Быць схопленым, злоўленым на чым‑н., выкрытым у чым‑н. — Я тут табе лістоўкі перадам, — панізіла голас Алаіза.. — Ты зможаш раздаць рабочым?.. Толькі асцярожна, каб не папаўся. Арабей. — Што, на кражы папаўся? — спытаў [капітан] у паставога міліцыянера. Паставы далажыў аб здарэнні. Капітан слухаў уважліва, сяды-тады паглядаючы на Віцю. Якімовіч. // Быць затрыманым, сустрэтым з намерам выкрыць што‑н., паквітацца за што‑н. і пад. — А-а, фашысты, папаліся! — злосна працадзіў праз зубы Барыс і доўгай чаргой секануў па казарме. М. Ткачоў. // Быць злоўленым (пра жывёл). Мужчыны ціха падводзяць сетку пад бераг і топчуць. Вось папаўся першы шчупак. Невялічкі, але для пачатку няблага. Жычка.

3. Сустрэцца, знайсціся; трапіцца. І зноў папаліся лісічкі — раз, другі, а потым у бярэзніку.. знайшоў я абабак і брылястыя чырвоныя сыраежкі. М. Стральцоў. Нам, што б там ні было, трэба сёння дабрацца да Закружнага. Аўтобус мы празявалі, а выпадковых машын не папалася. Пянкрат.

•••

Папасціся (трапіць) на вочы (вока) каму — з’явіцца ў полі зроку каго‑н., нечакана ўбачыць, сустрэць каго‑н.

Папасціся (трапіць) на вудачку — даць магчымасць падмануць, ашукаць, правесці сябе.

Папасціся на язык каму — стаць прадметам размоў, абмеркавання. Пападзіся цяпер [Марозу] на язык які Шэмет — жартачкамі душу выняў бы. Лобан.

Папасціся (трапіць) у лапы каго, чые, каму — апынуцца ў залежнасці ад каго‑н.

Папасціся (трапіць) у рукі каго, чые, каму — а) апынуцца ў залежнасці ад каго‑н.; б) быць злоўленым, схопленым кім‑н.

папасці́ць, ‑пашчу, ‑посціш, ‑посціць; зак.

Пасціць некаторы час. [Бабка:] — Пост, Антосік, не гняві бога. Хоць нядзельку перад калядамі трэба папасціць. Каліна.

папасядзе́ць, ‑сяджу, ‑сядзіш, ‑сядзіць; зак.

Разм. Пасядзець доўга, неаднаразова. [Лёня] ведаў, колькі я папасядзеў над нарысам. Сабаленка.

папасяка́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што і чаго.

Разм. Тое, што і папасячы.

папасячы́, ‑сяку, ‑сячэш, ‑сячэ; ‑сячом, ‑сечаце; пр. папасек, ‑секла; зак., каго-што і чаго.

Разм. Сячы доўга, неаднаразова.

папатачы́ць, ‑тачу, ‑точыш, ‑точыць; зак., што і чаго.

Разм. Тачыць доўга, неаднаразова (на станку і пад.); натачыць многа (дэталей і пад.).

папато́чваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што і чаго.

Разм. Тое, што і папатачыць.

папатрапа́ць, ‑траплю, ‑трэплеш, ‑трэпле; зак., што, чаго і чым.

Разм. Трапаць доўга, неаднаразова; патрапаць многа чаго‑н.

папатрубі́ць, ‑трублю, ‑трубіш, ‑трубіць; зак.

Разм. Трубіць доўга, неаднаразова.

папатрэ́пваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што, чаго і чым.

Разм. Тое, што і папатрапаць.