Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

паро́хкванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. парохкваць.

паро́хкваць, ‑ае; незак.

Час ад часу рохкаць. Сноўдалася, сонна парохкваючы, паўз платы, вялізная, вываленая ўся ў гразь, рабая свіння. Сачанка.

паро́цца, паруся, порашся, порацца; незак.

1. Калоць, пароць адзін аднаго чым‑н. вострым.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Разм. Бадацца. Каровы поруцца.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Разрывацца, разыходзіцца ў шве. Сукенка порацца.

4. Капацца ў чым‑н., шукаючы чаго‑н. [Макрына] даўно выпаліла ў печы і паролася, перабірала ў плеценым з лучыны кашэліку. Баранавых. [Шандыбовіч] схапіў стаячую лямпу і пабег у сенцы. Там ён доўга недзе пароўся, нешта пераварочваў. Кулакоўскі. // Марудна рабіць што‑н., корпацца. Маці гэтак сама рыхтуе нам у Штутгоф пасылкі, бацька нібы порацца на гаспадарцы, а на самай справе цікуе, што творыцца навокал. Карпюк. // Капацца ў чым‑н., шукаючы якую‑н. няспраўнасць, пашкоджанне. Сам .. [Якаў] там мала што мог разабраць, хоць апошнія месяцы многа займаўся тэхнікай: і чытаў, і ў маторах штодня пароўся. Кулакоўскі.

5. Зал. да пароць (у 1, 2 знач.).

паро́ць, пару, пораш, пора; незак., каго-што.

1. Калоць, тыкаць чым‑н. вострым. — Капешка саломы на гумне стаяла, дык.. [немцы] шомпаламі яе поруць, партызан шукаюць. Сіняўскі. Каця прыкладам пачала пароць снег, выкапала нейкі каменьчык. Карпюк. // Разбураць, спорваць, зрываць. Пеця расказваў мне, як некалі пароў ён гнёзды на ліпах у былым панскім маёнтку. Мыслівец.

2. Разразаць ніткі, якімі што‑н. зашыта; распорваць, расшываць. Пароць старую адзежыну.

3. Разм. Бадаць. Каровы поруць адна адну.

4. Колючы, тыкаючы чым‑н., прымушаць вылезці адкуль‑н.; выпорваць. Да Толі з Алесем прыходзілі яшчэ Валодзя і Сцёпка, і разам яны паролі тых трусоў з малінніку тычкамі. Брыль. // Выганяць, праганяць. [Антось:] — Калі б мелі свой кавалачак зямлі, то.. — ніхто не пароў бы, з месца не гнаў бы. С. Александровіч.

•••

Глупства пароць — гаварыць, рабіць абы-што.

Пароць гарачку — рабіць што‑н. неабдумана, паспешліва.

паро́ша, ‑ы, ж.

Снег, які толькі што выпаў. Снег засыпле белаю парошаю Сцежак след, пракладзены ў трысці. Звонак.

паро́ю, прысл.

1. Калі-нікалі, часамі. Парою здацца нам магло, што Час — ён безудзельны: не за дабро і не за зло; што Час — ён ненадзейны. Вярцінскі. Часам з квасам, парою з вадою. Прыказка.

2. У свой час, у пару. Парою сена косяць. Прымаўка.

парсе́к, ‑а, м.

Адзінка вымярэння адлегласці ў астраноміі, якая адпавядае гадавому паралаксу ў адну секунду.

[Ад скарачэння слоў паралакс і секунда.]

парсу́на, ‑ы, ж.

Уст. Жывапісны свецкі партрэт у Расіі канца 16–17стст.

[Скажонае — персона.]

парсю́к, ‑а, м.

1. Кастрыраваны самец свойскай свінні; кабан. Мыкалі каровы, на прызбах грэбліся куры, каля платоў рыліся парсюкі. Грахоўскі. Кармі парсюка мукою — пойдзе рукою. Прыказка.

2. перан. Лаянк. Пра чалавека. Дзядзька Ігналь называў яго [Ігара Сароку] карэлым парсюком. Сіняўскі.

парсючы́ны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да парсюка. Парсючыная галава. // Такі, як у парсюка. І ў маленькага парасяці парсючыны нораў. З нар.