пакалыха́ць, ‑лышу, ‑лышаш, ‑дыша; зак., каго-што або чым.
Калыхаць некаторы час. Тры тупаносыя самалёты праляцелі над ясакарам і замест таго, каб кідаць бомбы, страляць, зрабілі над натоўпам людзей тры кругі і пакалыхалі крыллем. Сабаленка.
пакалы́хванне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. пакалыхваць.
пакалы́хвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
Час ад часу калыхацца. Жаўтлявае полымя газніцы зрэдку пакалыхвалася, і тады на сцяне і столі варушыліся няўклюдныя цені. Асіпенка. Конь ішоў ступою.., сані плаўна пакалыхваліся. Крапіва.
пакалы́хваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.
Час ад часу калыхаць. Лёгкі ветрык пакалыхваў фіранкі на расчыненых вокнах. Вірня. У пяцісценным дамку свайго зяця Міканор сядзеў за аклеенай перагародкай і ледзь чутна пакалыхваў унука. Кулакоўскі. // безас. Пра гайданку на вадзе, у цягніку і пад. У вушах яшчэ стаяў шум колаў [поезда], і, здавалася, нават крыху пакалыхвала. Алешка.
пакалыхну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.
Злёгку калыхнуцца, гайдануцца.
пакама́ндаваць, ‑дую, ‑дуеш, ‑дуе; зак.
1. Камандаваць некаторы час.
2. Разм. Загадаць, даць якія‑н. ўказанні; скамандаваць. [Талаш:] — Калі будуць людзі, то чалавек, хто пакамандаваў бы імі, знойдзецца. Колас.
пакаме́чаны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад пакамячыць (у 1, 3 знач.).
2. у знач. прым. Няроўны, нягладкі ад працяглага або неакуратнага нашэння, ужывання і пад. Стась устае, абцягвае на сабе мокрае, пакамечанае адзенне, папраўляе торбачку. Сачанка. Андрэй бачыў, як нялёгка Ладымеру расстацца з гэтымі пакамечанымі рублямі, якія немаведама колькі ляжалі ў кашальку. Чарнышэвіч. // перан. Са слядамі стомленасці (пра твар, выгляд і пад.). Быў хлопец, здавалася, яшчэ зусім малады, а гэта — мужчына.. толькі ўвесь пакамечаны нейкі. Скрыган.
пакамячы́цца, ‑мечыцца; зак.
Стаць пакамечаным, памяцца. Адзенне пакамячылася.
пакамячы́ць, ‑мячу, ‑мечыш, ‑мечыць; зак., што.
1. Скамячыць, памяць. Пакамячыць бялізну. □ Мяжэнны, скінуўшы з сябе коўдру, пайшоў да шафы, каб адразу прыфранціцца, але счакаў: пакуль ехаць, .. касцюм можна пакамячыць. Гроднеў.
2. Камячыць некаторы час. Кінуўшы паламаны аловак на карту, выйшаў з-за стала Грай, адкашляўся, пакамячыў у пальцах недакурак, сплюнуў у кут. Мікуліч.
3. Абл. Сціснуць (пра кулакі). А дзядзька кулакі пакамячыў, і так туга, туга пакамячыў іх, ды падступіўся да мяне. Баранавых.
паканапа́ціць, ‑пачу, ‑паціш, ‑паціць; зак., што.
1. Канапаціць некаторы час. Паканапаціў з гадзіну і пайшоў.
2. Заканапаціць вялікую колькасць чаго‑н. Паканапаціць усе лодкі.