Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

пажуры́ць, ‑журу, ‑журыш, ‑журыць; зак., каго.

Крыху або злёгку журыць; журыць некаторы час. Спачатку важатая крыху пажурыла малых шкоднікаў, а потым сказала, для чаго іх паклікалі. Якімовіч.

пажу́хлы, ‑ая, ‑ае.

Які стаў жухлым. Пажухлыя, аслабелыя травы па ўзбярэжжы заліваліся вадою папаўнелых рэк. Шахавец.

пажу́хнуць, ‑не; зак.

Стаць жухлым. Кветкі пажухлі. □ Няскошаныя травы пастарэлі, пажухлі, але яшчэ не страцілі водару. Гамолка.

пажы́ва, ‑ы, ж.

1. Ежа, корм; тое, чым жывіцца арганізм. Пажыва для раслін. Пажыва для рыб. □ Прыйшла вясна. Яна адчувалася ўсюды: нават вераб’і і тыя аджылі і весела скакалі на чорных вуліцах, шукаючы сабе пажывы. Чарнышэвіч.

2. Здабыча, нажыва. Асабліва ўдала Лукаш умеў паляваць на каўбасы або сыры. Агледзеўшы пажыву, ён.. адломліваў кавалак як пад’есці і ўцякаў. Лобан.

3. перан. Тое, што дае матэрыял, служыць крыніцай для думак, размоў і пад. Духоўная пажыва. Пажыва для плётак.

пажыва́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Жыць, праводзіць жыццё. Як пажываеш?

пажыві́цца, ‑жыўлюся, ‑жывішся, ‑жывіцца; зак.

Разм.

1. Знайсці для сябе якую‑н. ежу, пажыву. Чарада кур, згледзеўшы гаспадыню і спадзеючыся пажывіцца, кінулася да яе з усіх канцоў двара. Колас. Ніхто не арэ стэп, і.. [крумкачам] няма дзе пажывіцца, як раней, ходзячы па барознах за аратым. Няхай.

2. Узяць для сябе што‑н. чужое; атрымаць якую‑н. карысць з чужога. Абмацаўшы чужыя торбы і нічога ў іх не знайшоўшы, чым бы можна было пажывіцца, Суконка зусім засумаваў. Паслядовіч. Калгаснікі пяці вёсак Загальскага сельсавета не далі ворагу пажывіцца грамадскай маёмасцю. Залескі.

пажылы́, ‑ая, ‑ое.

Немалады, у гадах. Старыя і пажылыя людзі раіліся, што рабіць, складалі свае планы. Колас. Пажылыя мужчыны спалі, загарнуўшыся ў кажухі, а з моладзі рэдка хто і прыдрэмліваў да раніцы. Чарнышэвіч. // Характэрны для немаладога чалавека. Чалавек быў няголены, і гэта надавала яму пажылы выгляд, насуперак маладому позірку вачэй. Мележ.

пажына́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., што.

1. і без дап. Жаць некаторы час; зжынаць што‑н.

2. перан. Атрымліваць здабытак ад чаго‑н. зробленага. Кажуць, хто сее вецер, той пажынае буру. Колас.

•••

Пажынаць лаўры — атрымліваць прызнанне сваіх дасягненняў, сваёй працы і інш.

Пажынаць плады чаго — карыстацца вынікамі зробленага, дасягнутага.

пажырава́ць, ‑руе; зак.

Жыраваць нейкі час; крыху жыраваць. Ён [цецярук] быў абураны, што нейкі Сюды сапернік заляцеў Пажыраваць пупышкай клейкай З яго аблюбаваных дрэў. Танк.

пажыра́льнік, ‑а, м.

Той, хто пажырае, паглынае каго‑, што‑н.