зарані́ца, ‑ы, ж.
Паэт. Тое, што і заранка 1. Зара-зараніца гарыць у паднябессі, Залоціць красою разлогі. Пушча.
зара́нка 1, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
Ранішняя або вячэрняя зорка. Вечар быў цёплы. Вогнішчы гарэлі за ракою, а ў рацэ адбівалася вячэрняя заранка, куды больш яркая і барвяная, чым на небе. Караткевіч. Хутчэй, заранка ранняя, Спускайся на зямлю. А. Александровіч. // Увогуле зорка (у 1 знач.). Далёка наперадзе над дарогай успыхвалі густыя, чырвоныя заранкі. Пташнікаў. У змрочным вячэрнім небе замігцелі крывавыя заранкі. Лынькоў.
зара́нка 2, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
Тое, што і малінаўка 1. Івалгі аспрэчвалі першынство па мастацкаму свісту ў чырванагрудых заранак, жаваранкі не ўступалі па спевах чарнапёрым драздам. Вірня.
зара́нні, ‑яя, ‑яе.
Разм. Занадта ранні. І, нягледзячы на тое, што час для купання быў заранкі, бо каноплі былі яшчэ не настолькі высокія, каб у іх магла схавацца варона, настаўнікі з вялікаю прыемнасцю выкупаліся. Колас.
зара́ння, прысл.
Разм. Загадзя, наперад; зараней. Ідуць у лес. Антось зарання Размеркаваў усё дазвання. Колас.
зарапа́д, ‑у, М ‑дзе, м.
Падзенне мноства метэораў; метэорны дождж.
зарапартава́цца, ‑туюся, ‑туешся, ‑туецца; зак.
Разм. Нагаварыць лішняга, заблытацца ў сваіх довадах, разважаннях. — Вы, малады чалавек, зарапартаваліся. Гурскі.
зарасі́ць, ‑рашу, ‑росіш, ‑росіць; зак., каго-што.
Змачыць расой. Сукенка, якую.. [Данута] учора зарасіла па дарозе сюды, вісела перад уваходам у зямлянку. Бажко.
за́раслі, ‑яў; адз. няма.
Разм. Тое, што і зараснік. — Хто там? — не выходзячы з зарасляў, спытаў Шура. Навуменка. Густыя хваёвыя зараслі ў нізінах, высокія скалы, кручы ў гарах рабілі амаль немагчымай хаду на.. лыжах. Шамякін.
за́раснік, ‑у, м.
Густа парослыя дрэвы, кусты, травы. На абодвух берагах.. [рэчкі], раслі чаромха і крушына, пераплеценыя хмелем і калючай ажынай, а над усім гэтым зараснікам узвышаліся верхавіны старых алешын. Хомчанка. Часам там, у чаротавых зарасніках, чуўся гучны ўсплеск: жыраваў шчупак. Даніленка.
за́растак, ‑тка, м.
Палавое пакаленне ў вышэйшых споравых раслін (папарацяў, хвашчоў, дзеразы).