Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

задзёрты, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад задзерці.

2. у знач. прым. Падняты ўгору. Нос быў трошачку задзёрты, але кірпатым яго нельга было назваць. Васілёнак.

задзёрыстасць, ‑і, ж.

Уласцівасць задзёрыстага. Алёну, калі яна бачыла, што электразваршчык з недаверам назіраў за яе працай, разбірала нейкая задзёрыстасць, нават зухаватасць. Сабаленка. — Як хочаце! — выразная задзёрыстасць пачулася ў голасе Булыгі. Шынклер.

задзёрысты, ‑ая, ‑ае.

1. Тое, што і задзірысты. Калі сустракаліся [Лена з Ігнатам] цяпер зрэдку, то ўжо не чулася ранейшага задзёрыстага, дражлівага: — Як пажывае шаноўны слесар таварыш Лагуцька? Лынькоў. Задзёрысты певень на плоце, распасцёршы крылы, так грозна заліваўся, як бы крычаў: «Не падыходзь!» Броўка.

2. Абл. Задорны, бадзёры. Між маўклівых задымленых сцен.. пачуліся.. вясёлыя, задзёрыстыя галасы. Мележ.

задзёўбаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад задзяўбці ​1.

задзёўбваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да задзяўбці ​1, задзяўбаць ​1.

задзіві́цца, ‑дзіўлюся, ‑дзівішся, ‑дзівіцца; зак.

Разм. Пачаць дзівіцца. // Здзівіцца. Задзівіўся дужа дзед, калі пакуп[нік] пачаў адлічваць яму грошы папяровымі маркамі. Колас. Андрэй задзівіўся і сказаў: — Усе робяць. Дай, гаспадар, і мне якую работу ў рукі. Пестрак.

задзіві́ць, ‑дзіўлю, ‑дзівіш, ‑дзівіць; зак., каго-што.

Разм. Здзівіць. Ядвісі было цікава паслухаць, як вёў сваю работу ў школе настаўнік.., каб потым задзівіць яго пераказамі таго, што рабіў ён у школе і як трымаўся з дзецьмі. Колас.

задзіма́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. задзімаць — задзьмуць ​1.

задзіма́цца, ‑аецца; незак.

Зал. да задзімаць.

задзіма́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Незак. да задзьмуць ​1.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Дзьмучы, пранікаць, забірацца куды‑н. (пра вецер, мяцеліцу і пад.). Часам задзімаў у вокны вецер. Быкаў.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.); што. Дзьмучы, заносіць куды‑н. Вецер задзімаў пясок у расчыненае акно.