Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

пасхіля́цца, ‑яецца; ‑яемся, ‑яецеся, ‑яюцца; зак.

Схіліцца — пра ўсіх, многіх або пра ўсё, многае. Вучні пасхіляліся над сшыткамі.

пасхіля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; зак., каго-што.

Схіліць усіх, многіх або ўсё, многае. Народ гуртам стаяў каля вырытай свежай магілы, людзі пасхілялі галовы. Гурскі.

пасхо́дзіцца, ‑дзіцца; ‑дзімся, ‑дзіцеся, ‑дзяцца; зак.

Сысціся — пра ўсіх, многіх. І вось, бывала, пан прыкажа — Сюды пасходзіцца ўся стража І робіць цэлую параду. Колас.

пасхо́дзіць, ‑дзіць; ‑дзім, ‑дзіце, ‑дзяць; зак.

Сысці — пра ўсіх, многіх або пра ўсё, многае. [Максім:] — Трымалі доўга не за тое, што я вялікі чалавек, а таму, што моцна скатавалі. Не хацелі людзям паказваць збітага на горк[і] яблык. А калі трохі зажыло, пасходзілі сінякі, мяне і перавялі сюды. Машара.

пасце́ль, ‑і, ж.

1. Тое, што падсцілаецца для спання, спальныя рэчы. Паслаць чыстую пасцель. □ [Аксеня Арцёмаўна] прынесла з сабою ў арцель конаўку, чыгун, міску і лыжкі, пасцель. Місько. // Месца для спання, пасланы ложак. Прыйшоўшы позна ўвечары з заняткаў, Марыя адразу клалася ў пасцель і накрывалася з галавою. Кулакоўскі. [Жанчына] слала на падлозе пасцель — прывабліва шалясцела сена. Мележ.

2. Спец. Частка вырабу ці якой‑н. прылады, на якой размяшчаецца што‑н. Пасцель падшыпніка.

пасце́льнічы, ‑ага, м.

Прыдворны чын у Рускай дзяржаве 15–17 стст., асоба, якая ведала пасцеллю цара, яго асабістай казной, майстэрняй, у якой шылі адзенне і бялізну цару, і пад.

пасце́льны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да пасцелі (у 1 знач.); прызначаны для пасцелі. Ад недахопу пасцельных прылад даводзілася дзяліцца самым неабходным. Гартны. Я папрасіла, каб мае сябры прынеслі пасцельную і нацельную бялізну ды якое цёплае адзенне. Мядзёлка.

•••

Пасцельны рэжым гл. рэжым.

пасце́ля, ‑і, ж.

Абл. Пасцель (у 1 знач.). Настаўнік перанёс лямпу ў другі, яшчэ меншы, пакоік, дзе стаяў яго просценькі дзеравяны ложак, лёг у пасцелю і чытаў: «Зорныя светы і іх насельнікі». Колас.

пасцерагчы́, ‑рагу, ‑ражэш, ‑ражэ; ‑ражом, ‑ражаце, ‑рагуць; пр. пасцярог, ‑сцерагла, ‑ло; заг. пасцеражы; зак., каго-што.

Сцерагчы некаторы час. Маці мякка, ласкава сказала: — Ты, сыночак, будзеш з дзедам, хату пасцеражэш. Мележ.

пасцерагчы́ся, ‑рагуся, ‑ражэшся, ‑ражэцца; ‑ражомся, ‑ражацеся, ‑рагуцца; пр. пасцярогся, ‑сцераглася, ‑лося; заг. пасцеражыся; зак.

Праявіць некаторую асцярожнасць у адносінах да каго‑, чаго‑н.; пастарацца не рабіць чаго‑н. Мікола сам зразумеў, што не пасцярогся ў сварцы з солтысам. Сабаленка.