Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

панегіры́ст, ‑а, М ‑сце, м.

Той, хто празмерна захапляецца кім‑, чым‑н., услаўляе каго‑, што‑н. // Аўтар панегірыка; той, хто ўслаўляе каго‑, што‑н. у сваіх творах.

панегіры́стка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Жан. да панегірыст.

панегіры́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да панегірыка, панегірыкаў, уласцівы ім. Панегірычная прамова.

пане́ль, ‑і, ж.

1. Дарожка для пераходаў па баках вуліцы, пакрытая каменем, асфальтам і пад.; тратуар. На вузенькай, цеснай вуліцы, дзе панель не шырэй метра, бегчы стала яшчэ цяжэй. Новікаў. Касьян вярнуўся па левую панель і павярнуў у завулак, які выводзіў на прыгараднае ўзвышша. Гартны.

2. Драўляная абшыўка або афарбоўка ніжняй часткі сцяны ў памяшканні. Сцены і столь у пакоі.. былі абабіты жоўтым кардонам, бэлькі пафарбаваны ў карынкавы колер, панелі абабіты фанерай, размаляванай пад дуб. Карпаў.

3. Спец. Мармуровая, пластмасавая і пад. дошка, якая з’яўляецца часткай шчыта або пульта кіравання. Асабліва зацікавіў хлопчыка куток, дзе размяшчалася панель кіравання. На чорным шчыце — рады белых круглых акенцаў і там не то гадзіннікі, не то манометры. Гамолка.

4. Спец. У зборным будаўніцтве — гатовы элемент збудавання ў форме вялікай пліты. За некалькі мінут мантажнікі ўмацоўваюць панель — і гатова сцяна яшчэ аднаго пакоя. «Звязда».

5. Спец. Квадратны або прамавугольны ўчастак шахтавага поля, абмежаванага штрэкамі.

[Ням. Paneel.]

пане́льны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да панелі. Панельны люк. // Спец. Зроблены з панелей (у 4 знач.). Панельная канструкцыя. Панельны дом.

панеляво́з, ‑а, м.

Аўтамабіль з нізкай грузавой платформай, прызначаны для перавозкі панелей сцен і перакрыццяў.

пане́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

1. Незамужняя дачка пана. [Вашамірскі] жыў з трыма незамужнімі дочкамі, якіх у нас звалі паненкамі. Бядуля.

2. Уст. Маладая дзяўчына. Сястру.. [Казік] пакінуў цыбатым падлеткам, а цяпер, выходзіць, паненка. Грахоўскі.

пане́нчын, ‑а.

Які належыць паненцы. Ужо і ў паненчыных валасах заблішчала серабро. Ядвігін Ш.

панепако́іцца, ‑коюся, ‑коішся, ‑коіцца; зак.

Разм.

1. Прабыць некаторы час у стане непакою.

2. Выявіць непакой, клопат аб кім‑, чым‑н. Панепакоіцца аб дзецях.

панервава́цца, ‑нервуюся, ‑нервуешся, ‑нервуецца; зак.

Нервавацца некаторы час.