Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

па́ва, ‑ы, ж.

1. Самка паўліна.

2. у знач. прысл. па́вай. Разм. Плаўна, з гонарам (пра жаночую паходку). Паведаміўшы.. нечаканую навіну, Мая павай выйшла за дзверы. Васілёнак.

пава́біць, ‑ваблю, ‑вабіш, ‑вабіць; зак., каго.

Папрасіць падысці, падазваць да сябе якімі‑н. знакамі. [Федзя] павабіў рукой сяброў, прапануючы ім сысці са сцежкі ўбок. Ваданосаў.

пава́блівы, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і павабны.

пава́бнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць павабнага; прывабнасць, сімпатыя. Пры сустрэчах [Купала] усміхаўся, гаварыў два-тры.. словы, а здавалася, што пачуў ты нешта асабліва важнае, што атрымаў нешта надзвычай каштоўнае і не страціць яно свае павабнасці ніколі. Лужанін.

пава́бны, ‑ая, ‑ае.

Які вабіць да сябе, прывабны, прыемны. Прыхільна хлопцы аглядалі Яе павабны гібкі стан. Купала. З губ [дзяўчыны] сама сабою збегла прыемная і павабная ўсмешка. Колас.

пава́га, ‑і, ДМ ‑вазе, ж.

Пачуццё пачцівасці да каго‑, чаго‑н., выкліканае прызнаннем высокіх якасцей, заслуг, важнасці і пад. Адчуваць павагу. Выклікаць павагу. Карыстацца павагай. □ Ігнась з павагай глядзеў на свайго новага таварыша і быў удзячны яму за ўвагу. Чарнышэвіч. — Дык вы партызан! — у голасе фурманаў чулася павага і захапленне. Новікаў.

павага́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

1. Вагацца некаторы час. Маятнік гадзінніка павагаўся і стаў.

2. Пабыць у нерашучасці на працягу нейкага часу. Ваня крыху павагаўся, але згадзіўся: — Прыходзьце. Чым магу — памагу. Новікаў.

павага́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

Вагаць некаторы час. Павагаць шалькі. □ Якім павагаў у руках жмуток, палажыў на заслончык і доўга ўглядаўся на грошы. Колас.

павадзі́ць, ‑ваджу, ‑водзіш, ‑водзіць; зак.

1. каго. Вадзіць на працягу нейкага часу. Павадзіць каня. Павадзіць гасцей па горадзе. □ [Дзядуля:] — Такую рыбу трэба павадзіць, стаміць як след, а тады ўжо цягнуць... Ляўданскі.

2. чым. Зрабіць некалькі рухаў чым‑н. па якой‑н. паверхні. Павадзіць указкай па карце. Павадзіць пальцам па старонцы кнігі. □ Поп моўчкі прысеў каля мяне, павадзіў пальцамі па бровах і закурыў. Чорны. // Зрабіць некалькі рухаў у розных напрамках. Распытаўся доктар, што і як, патрымаўся за ручку ў малога, запалку запаліў, павадзіў перад вачыма. Крапіва.

пава́дка, ‑і, ДМ ‑дцы; Р мн. ‑дак; ж.

Манера паводзіць сябе; звычка. Воўчая павадка. □ Па сваіх павадках зубр асцярожны, але не баязлівы. Прырода Беларусі. Ведаў [хлопчык Антусёк] птушак і звяроў Галасы й павадкі. Гілевіч.