Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

падгаро́дны, ‑ая, ‑ае.

Разм. Які жыве або знаходзіцца, змяшчаецца каля горада, непадалёку ад горада; прыгарадны. Падгародныя жыхары. Падгародныя калгасы.

падгартава́цца, ‑туецца; зак.

Крыху, злёгку нагрэцца; пагрэцца дадаткова.

падгартава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; зак., што.

Крыху, злёгку напаліць, нагрэць; напаліць, нагрэць дадаткова, яшчэ крыху.

падгарто́ўванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. падгартоўваць — падгартаваць.

падгарто́ўвацца, ‑аецца; незак.

1. Незак. да падгартавацца.

2. Зал. да падгартоўваць.

падгарто́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да падгартаваць.

падгарэ́лы, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. незал. пр. ад падгарэць.

2. у знач. прым. Які падгарэў. Гарэла газнічка, трашчаў за печчу цвыркун, пахла паранкаю і падгарэлаю бульбаю. Грахоўскі.

падгарэ́ць, ‑рыць; зак.

1. Згарэць, падпячыся з бакоў, знізу або, прыгарэўшы, набыць пах гарэлага. Пірог падгарэў. Малако падгарэла. □ Ніхто лепш за.. [пастуха] не пакажа, як зрабіць галасістую дудачку з вярбы альбо спячы ў прыску бульбы, каб яна нідзе не падгарэла. Шыловіч.

2. Згарэць знізу, пры зямлі. Дрэва падгарэла. □ Расошкі падгарэлі, і іх прыйшлося замяніць новымі. Чарнышэвіч.

падгатава́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад падгатаваць (у 1 знач.).

падгатава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; зак., што.

1. Прыгатаваць загадзя. Падгатаваць стол для вячэры. □ Партызаны расчысцілі снег, падгатавалі месца для вогнішча. Колас.

2. і чаго. Згатаваць у дадатак да наваранага раней.