Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

паплі́навы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да папліну. Паплінавая тканіна. // Пашыты з папліну. Паплінавая сукенка.

паплы́сці і паплы́ць, ‑плыву, ‑плывеш, ‑плыве; ‑плывём, ‑плывяце; пр. паплыў, ‑плыла, ‑плыло; зак.

1. Пачаць перамяшчацца па паверхні вады або ў вадзе ў пэўным напрамку. Ліда раней за ўсіх зайшла на глыбокае месца, акунулася і паплыла. Шамякін.

2. перан. Пачаць павольна, плаўна перамяшчацца, рухацца. Воблака шызага дыму паплыло па алешніку. Лынькоў. Птушкі выгнулі шыі і, ляніва махаючы крыламі, паплылі да цёмнай паласы высокага лесу. Федасеенка. / Пра месяц, сонца. З марской глыбіні вынырнула і паплыло ўгору сонца. Рамановіч. / Пра гукі, пахі. Сумная мелодыя паплыла над соннай вёскай. С. Александровіч. Неўзабаве ў талерках заблішчала бурштынавымі плямамі звараная з баранінай капуста, з печы паплыў прыемны пах смажанага. Хадкевіч. // Пачаць распаўсюджвацца, перадавацца (пра чуткі). Чуткі пра бандытаў паплылі па ўсіх ваколічных вёсках. Чарнышэвіч. // Пачаць прабягаць перад вачыма таго, хто едзе на чым‑н. Міма акна [вагона] паплылі закопчаныя будынкі таварнай станцыі, склады, пакгаузы. Навуменка. Зноў пад крылом самалёта паплылі руіны. Карпаў. // Аб чым‑н., што здаецца рухомым чалавеку ў паўпрытомным стане. Мне зрабілася млосна, крывавая пляма паплыла перад вачамі. Шамякін. // Праходзіць, узнікаць у памяці (пра думкі, вобразы і пад.). І вось ужо аднекуль, з глыбіні, з самага дна памяці паплыло, паплыло мінулае, перажытае. Сачанка. Паплылі, чапляючыся адзін за адзін, успаміны. Скрыган. Самі сабой лёгка паплылі думкі, чыстыя і ясныя. Мележ. // Пайсці няспынным патокам (аб паперах, пісьмах і пад.).

3. перан. Пачаць праходзіць, мінаць. Пацякла, паплылі за гадамі гады... Купала. І паплылі дні, быццам журавы Над свежымі пакосамі травы. Танк. Жыццё маладых Дубінскіх спачатку паплыло роўна, спакойна, ціха. Ядвігін Ш.

4. Пайсці плаўнай паходкай. Гаспадары сустрэлі Таццяну ветліва. Цяжарная Вера хутка кінула шыццё і паплыла насустрач сяброўцы. Шамякін. // Лёгка і плаўна пачаць танцаваць. На выклік Лазавога Люба.. адарвалася з месца і чайкай паплыла па хаце. Васілевіч.

5. Пачаць растоплівацца, расплывацца. Тры дні не па-сакавіцку, а па-майску пякло сонца — і адразу паплыў снег, разліліся ручаі, зрабілася стракатым поле. Шамякін.

6. Разм. Пацячы, паліцца. Па жолабе ў коўш спакойна паплыў агністы паток [чыгуну]. Карпаў. / Пра сыпучыя рэчывы. Жыта паплыло з каша ў латочак вадзяным плавам. Баранавых.

7. перан. Разм. Пачаць знікаць, пераходзячы з адных рук у другія. Зброя са склада паліцэйскага ўчастка паплыла праз сувязных у лес. Новікаў.

паплы́ць,

гл. паплысці.

паплю́хацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

Плюхацца некаторы час. Не любіў Косцік мыцца. А цяпер так бы паплюхаўся ў гарачай вадзе з мылам, так бы паплюхаўся. Арабей.

паплю́хаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

Плюхнуць некалькі разоў; плюхаць некаторы час.

паплю́хваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Плюхаць злёгку або час ад часу.

паплява́ць, ‑плюю, ‑плюеш, ‑плюе; ‑плюём, ‑плюяце; зак.

Плюнуць некалькі разоў; пляваць некаторы час. Любіць Сцяпан пасядзець на прызбе, пасмактаць люльку ды напляваць у пясок перад прызбай. Крапіва. Васіль папляваў у далоні, размахнуўся і ўдарыў сякерай па камлі. Шамякін.

папляву́згаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

Разм. Плявузгаць некаторы час. [Папас:] — Дурні яны. А ты не зважай. Паплявузгаюць і змоўкнуць, што ж яны яшчэ могуць? Галавач.

папля́жыць, ‑жу, ‑жыш, ‑жыць; зак., каго-што.

Разм. Спляжыць усё, многае або ўсіх, многіх. Папляжыць лясы.

папля́міць, ‑млю, ‑міш, ‑міць; зак., што.

Разм. Запляміць, пакрыць плямамі ўсё, многае або што‑н. у многіх месцах.

папля́скаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

Разм. Пляскаць некаторы час; пляснуць некалькі разоў. Прамова [Мікалая] была блытаная, невыразная, аднак яе выслухалі, шмат хто нават папляскаў у ладкі. Лупсякоў. Дакладчыку, як ён скончыў гаварыць, спагадліва ў клубе папляскалі. Ермаловіч. — От мае ўюнчыкі! — папляскаў.. [Грышук] па торбе са здзеклівай усмешкай. Ракітны. Андрэй Міхайлавіч схапіў Толю ў абдымкі і папляскаў па плячы. Якімовіч.

папляска́ць, ‑пляшчу́, ‑пле́шчаш, ‑пле́шча; зак.

Разм. Зрабіць пляскатым, сплюшчыць усё, многае.