завэ́нджванне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. завэнджваць — завэндзіць.
завэ́нджвацца, ‑аецца; незак.
1. Незак. да завэндзіцца.
2. Зал. да завэнджваць.
завэ́нджваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да завэндзіць.
завэ́ндзіцца, ‑дзіцца; зак.
Паддацца вэнджанню, стаць вэнджаным. Рыба добра завэндзілася.
завэ́ндзіць, ‑вэнджу, ‑вэндзіш, ‑вэндзіць; зак., што.
Акурыць дымам мяса, рыбу і пад., каб зрабіць іх прыгоднымі для захоўвання і надаць спецыфічны смак. Завэндзіць кумпякі.
завяда́нне, ‑я, н.
Дзеянне і стан паводле знач. дзеясл. завядаць — завянуць. Завяданне расады.
завяда́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да завянуць.
завядзёнка, ‑і, ДМ ‑нцы, ж.
Разм. Звычай, традыцыя. Завядзёнка такая была ў горадзе: амаль усе маладыя людзі выходзілі гуляць на Савецкую вуліцу. Сабаленка. Леў Раманавіч запрасіў Сяльчонка ў хату. Марына сустрэла іх, па даўняй завядзёнцы, нізкім паклонам. Асіпенка.
завя́заны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад завязаць 1.
завяза́цца, ‑вяжуся, ‑вяжашся, ‑вяжацца; зак.
1. Замацавацца, сцягнуцца вузлом, бантам і пад. Гальштук добра завязаўся. // Абгарнуцца, накрыцца чым‑н., завязаўшы канцы вузлом. Марыя Кудзіна завязалася хусткай па самыя вочы. Васілевіч.
2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Устанавіцца, распачацца (пра якія‑н. узаемаадносіны, узаемныя дзеянні). Завязалася гутарка. Завязалася сяброўства.
3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Утварыцца, узнікнуць (звычайна пра плод). Пры клопатах такіх расліна забуяла між другіх, На ёй агурок цудоўны завязаўся. Корбан. На яблынях пышных у маі Завязаліся з кветак плады. Прыходзька.