завыва́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
1. Перарывіста, нудна выць (пра сабак, ваўкоў і інш.). Завываюць ваўкі над курганамі. Купала. // Утвараць гукі, падобныя да выцця (пра з’явы прыроды). Сыпаў снег, завываў і скуголіў вецер, ірвучы саламяныя стрэхі. Гурскі. // Перарывіста, працяжна гучаць (пра маторы, сірэну і пад.). Завывалі сірэны. □ Недзе далёка ўсё яшчэ гудзеў, завываў самалёт. Новікаў.
2. перан. Тужліва пець, галасіць. [Чалавек] моцна біў у бубен, спяваў, завываў, балбатаў і скакаў, як звар’яцелы. Бяганская.
завы́сіць, ‑вышу, ‑высіш, ‑высіць; зак., што.
Беспадстаўна павысіць, зрабіць вышэйшым, чым трэба; проціл. занізіць. Завысіць нормы выпрацоўкі. Завысіць планы. Завысіць ацэнку.
завы́ць, ‑выю, ‑выеш, ‑вые; зак.
Пачаць выць. // Азвацца выццём; правыць. Куля завыла паўз самую яго [Лук’янскага] галаву. Чорны. Настане ноч — і ўсюды ціха, Хіба завые дзе ваўчыха Сярод трушчобы ў цёмным лесе. Колас.
•••
Хоць воўкам завый (вый) — пра цяжкае, бязвыхаднае становішча.
завы́шаны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад завысіць.
2. у знач. прым. Які перавышае звычайныя нормы, аб’ём чаго‑н. і пад. Завышаныя цэны. Завышаныя патрабаванні.
завыша́цца, ‑аецца; незак.
Зал. да завышаць.
завыша́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да завысіць.
завышэ́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. завышаць — завысіць.
завэ́дзганы, ‑ая, ‑ае.
Разм.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад завэдзгаць.
2. у знач. прым. Запэцканы, забруджаны. Калі ж Карла, нарэшце, пераплыў і выехаў на бераг — увесь мокры, завэдзганы — зноў заіскрыўся смех у натоўпе. Зарэцкі.
завэ́дзгаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.
Разм. Запэцкаць, забрудзіць. Завэдзгаць кашулю.
завэ́нджаны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад завэндзіць.