парахне́ць, ‑ее; незак.
1. Ператварацца ў парахню. Шматлікія курганы, дзе парахнеюць косці заваёўнікаў, з’яўляюцца нямымі сведкамі вялікіх бітваў, што тут адбыліся. Гурскі. Сем’і павялічваліся, дзяліліся, старыя хаціны парахнелі ад часу або знішчаліся выпадковымі пажарамі, на іх месцы вырасталі новыя, а зямлі не прыбаўлялася. Хадкевіч.
2. перан. Станавіцца непрыгодным; аджываць. Уязджае глыбока ў зямлю, парахнее ўвесь стары ўклад жыцця. «Маладосць».
парахня́, ‑і, ж.
Дробныя, як пясок, сухія рэшткі сапрэлага або паточанага шашалем дрэва. Дзед кажа, што гэта ўжо бярвенне ўсярэдзіне сапрэла на парахню. Сабаленка. [Пракоп:] — Шашаль, бач, як точыць, аж парахня сыплецца. Вітка.
•••
Парахня сыплецца (пагард.) — пра вельмі старога, слабага чалавека.
парахня́вы, ‑ая, ‑ае.
Разм. Спарахнелы, трухлявы.
парахо́д, ‑а, М ‑дзе, м.
Судна, якое прыводзіцца ў рух паравым рухавіком, паравой турбінай. Папыхваючы дымком, да прыстані набліжаўся параход. Лынькоў.
парахо́дны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да парахода. Параходная прагулка. □ Дзед Астап старанна завіхаўся ля параходнай гарматы. Лынькоў.
парахо́дства, ‑а, н.
1. Прадпрыемства, якое кіруе параходным транспартам і ажыццяўляе перавозкі пасажыраў і грузаў. Пятро Рабянок — лепшы механік Гомельскага рачнога параходства. «Маладосць».
2. Разм. Рух параходаў па водных шляхах; перавозка пасажыраў, грузаў на параходах. На паўночных рэках параходства пачынаецца ў пачатку лета.
параху́нак, ‑нку, м.
Разм. Асабістыя прэтэнзіі, узаемная незадаволенасць; помста, расправа. — Мяркуем нават, што гэта правакацыя ідзе ад славутай глыбоцкай дэфензівы, у якой ёсць асабістыя парахункі з гэтымі хлопцамі. Машара.
парачкава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; зак.
Разм. Рачкаваць некаторы час. — Ну, а восенню калі на бульбе і парачкавалі [бабы], дык за зіму выгуляюцца. Васілевіч.
пара́ша, ‑ы, ж.
Разм. Пасудзіна для спаражненняў і памыяў у турэмнай камеры. Усе камеры былі замкнуты на замок, бо ўжо адбылася паверка, і парашы займалі пачэснае месца каля дзвярэй. Колас.
параша́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.
1. Рашыць усё, многае, перарашаць.
2. і без дап. Рашаць некаторы час.