Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

палыно́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да палыну. Палыновы пах. □ Вецер варушыў палын на схілах замчышча. Лісце паварочвалася то адным, то другім бокам, і ад гэтага палыновыя купінкі хутка мянялі колер. Савіцкі. // Які зарос палыном. Палыновы стэп. // перан. Горкі, як палын. Гэта праўнукі тых, што хадзілі сюды басанож, з палыновай горыччу ў сэрцы. Брыль.

2. Зроблены з палыну. Палыновым венікам.. [Акуліна] змяла з падлогі склычаныя недакуркі. Вітка. // Настоены на палыне. Палыновая настойка.

палыно́ўка, ‑і, ДМ ‑ноўцы; Р мн. ‑новак; ж.

Разм. Гарэлка, настоеная на палыне.

палы́паць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

Разм. Лыпнуць некалькі разоў; лыпаць некаторы час. Цярэшка палыпаў вачыма, павярнуўся да аднаго, да другога, нібы бачыў іх [мужчын] першы раз. Грахоўскі.

палысе́лы, ‑ая, ‑ае.

Які стаў лысым; аблыселы. Бацька спаў, і Сяргей убачыў на падушцы яго палыселую, з высокім пакатым ілбом галаву і зарослы густою шчэццю твар. Сіўцоў.

палысе́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. палысець.

палысе́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

Стаць лысым; аблысець. Хто памятае.. [Астаповіча].., расказваюць цяпер, што ён.. адразу нейк пачаў выдавацца як бы раптоўна пастарэлым. Бадай што зусім палысела яго галава і пасівелі вусы. Чорны.

палыха́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. палыхаць.

палыха́ць, ‑ае; незак.

1. Гарэць зыркім, яркім полымем. З раніцы да вечара палыхалі горны ў кузні. Хадкевіч. Над горадам палыхалі пажары. Дудо. // Вылучаць жар, веяць гарачынёй. Гарачым цяплом палыхала ад топкі. Лынькоў. // перан. Аб моцным, бурным праяўленні чаго‑н. Над светам палыхала ўжо вялікая вайна. Навуменка.

2. Свяціцца яркім святлом. Па-ранейшаму палыхаў захад, а далёка ў вёсцы спявалі дзяўчаты і часам парыпваў гармонік. Лупсякоў. Паўнеба на захадзе палыхала вялізным зарывам. Лынькоў.

палыхну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

Аднакр. да палыхаць.

пальба́, ‑ы, ж.

Дзеянне паводле дзеясл. паліць ​1 (у 5 знач.), а таксама гукі, якія ўтвараюцца пры гэтым дзеянні. Гарматы толькі выйшлі з бою І астываюць ад пальбы. Прыходзька. Адказваючы кароткімі чэргамі на бесперапынную пальбу немцаў, разведчыкі ўсё глыбей і глыбей спускаліся ў яр. Курто.