палу́шчваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., што.
Лушчыць (у 2 знач.) час ад часу.
палу́шчыцца, ‑лушчыцца; зак.
Палупіцца, аблупіцца.
палу́шчыць, ‑шчу, ‑шчыш, ‑плыць; зак., што.
1. Злушчыць усё, многае.
2. і без дап. Лушчыць некаторы час.
3. Спец. Узрыхліць верхні слой глебы лушчыльнікам.
палыга́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.
1. Злыгаць усё, многае або ўсіх, многіх.
2. і без дап. Лыгаць некаторы час.
палымне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.
1. Ярка гарэць, палаць; знішчацца ў агні. Людзі пакідалі разбураныя гнёзды, якія палымнелі ў агні, там гінула чалавечая праца, дымам засцілалася неба. Гурскі.
2. Свяціцца яркім святлом; вылучаць святло. Будуецца горад, Заўсёды начамі Увесь палымнее Электраагнямі. Калачынскі.
3. Набываць колер полымя; вылучацца колерам полымя, яркай чырвонай афарбоўкай. Ружовая зара палымнела на ўсходзе. Самуйлёнак. Амаль у кожным двары палымнела чырвоная рабіна. Гроднеў. // Пакрывацца румянцам. Вецер [свістаў] у вушах, калючыя і гарачыя сняжынкі білі ў твар, і твар пачынаў гарэць, палымнець. Мікуліч.
4. перан. Быць ахопленым якім‑н. вельмі моцным пачуццём. Палымнець сэрцам. Палымнее агонь помсты.
палымне́ючы,
1. ‑ая, ‑ае. Дзеепрым. незал. цяпер. ад палымнець.
2. ‑ая, ‑ае; у знач. прым. Які мае колер полымя; вылучаецца колерам полымя. Ад сэрца народнага шчырае дзякуй Братам і сцягам палымнеючым шлём. Танк.
3. Дзеепрысл. незак. ад палымнець.
палымя́насць, ‑і, ж.
Уласцівасць палымянага. Барацьба за вызваленне пралетарыяту была галоўным зместам жыцця і дзейнасці Маркса, ён аддаваўся гэтай барацьбе з усёй палымянасцю сваёй неўтаймаванай натуры. «Звязда».
палымя́ны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае ярка-чырвоны колер, колер полымя. Злева, на фоне медна-залатога, палымянага захаду, вырысоўваецца з сіняй вады цёмны сілуэт другой гары. В. Вольскі.
2. перан. Палкі, страсны. Палымяны рэвалюцыянер. Палымяны патрыятызм. □ Плошча запоўнена чырвонаармейцамі, рабочымі. На высокай драўлянай трыбуне — знаёмая постаць Ільіча. Правадыр звяртаецца да народа з палымянай прамовай. Шматаў. Заспявай мне песню тую, Што з палёў збіраеш, Што ў сэрцы палымяным Для мяне хаваеш. Русак. // Прасякнуты страснасцю, запалам. Палымяныя выступленні газеты дапаўнялі лістоўкі. Пятніцкі. // Які вырашае палкасць, страснасць. З глыбінь дзесяцігоддзяў у цяжкія для савецкага народа дні гучаў палымяны голас выдатнага беларускага паэта Максіма Багдановіча. Шкраба. Светлячкі капцілак не ў сілах прыхаваць палымянага бляску людскіх вачэй. Там гарыць нянавісць, якая мацней за ўсе агні на свеце. Лынькоў.
палы́н, ‑у, м.
Пустазелле з моцным пахам і горкім смакам. Дні беглі... Пасекі пачалі зарастаць быллём і палыном. Чарот. Зоры, як праз сон, млелі нада мною, і моцна пах усюды палын. Лупсякоў.
•••
Цытварны палын — лекавая расліна сямейства складанакветных.
палы́нны, ‑ая, ‑ае.
Тое, што і палыновы. Хто вас, прыветныя госцейкі сінія вузкіх палос, Пам на лугі, на палеткі палынныя кінуў, занёс? Васілёк. Да гаркаватага палыннага настою далучыўся пах сакавітай зелені. Беразняк.