палымя́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае ярка-чырвоны колер, колер полымя. Злева, на фоне медна-залатога, палымянага захаду, вырысоўваецца з сіняй вады цёмны сілуэт другой гары. В. Вольскі.

2. перан. Палкі, страсны. Палымяны рэвалюцыянер. Палымяны патрыятызм. □ Плошча запоўнена чырвонаармейцамі, рабочымі. На высокай драўлянай трыбуне — знаёмая постаць Ільіча. Правадыр звяртаецца да народа з палымянай прамовай. Шматаў. Заспявай мне песню тую, Што з палёў збіраеш, Што ў сэрцы палымяным Для мяне хаваеш. Русак. // Прасякнуты страснасцю, запалам. Палымяныя выступленні газеты дапаўнялі лістоўкі. Пятніцкі. // Які вырашае палкасць, страснасць. З глыбінь дзесяцігоддзяў у цяжкія для савецкага народа дні гучаў палымяны голас выдатнага беларускага паэта Максіма Багдановіча. Шкраба. Светлячкі капцілак не ў сілах прыхаваць палымянага бляску людскіх вачэй. Там гарыць нянавісць, якая мацней за ўсе агні на свеце. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)