палішыне́ль, ‑я, м.
Камічны персанаж французскага народнага тэатра.
•••
Сакрэт палішынеля гл. сакрэт.
[Фр. polichinelle ад іт. pulcinella.]
паліэ́др, ‑а, м.
Спец. Геаметрычнае цела, абмежаванае з усіх бакоў плоскімі многавугольнікамі; шматграннік.
[Ад грэч. polyedros — мнагагранны.]
паліяты́ў, ‑тыву, м.
Кніжн.
1. Лякарства або іншы сродак, які дае часовую палёгку хвораму, але не вылечвае хваробы.
2. перан. Сродак, які ўяўляе сабой частковае вырашэнне задачы, які дае часовы выхад з цяжкага становішча.
[Фр. palliatif.]
паліяты́ўны, ‑ая, ‑ае.
Які з’яўляецца паліятывам. Паліятыўныя меры.
па́лка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.
Частка тонкага ствала або галіны, ачышчаная ад парасткаў. Выразаць палку. □ Неўзабаве вёскаю, пасярод вуліцы, ішоў чалавек — у лапцях, шарачковых портках і старым суконным палітоне. На плячы, на сукаватай палцы, торбачка з хлебам. Крапіва. Двое другіх калгаснікаў насыпалі сечку ў цабэркі.., нанізвалі цабэркі на доўгую тоўстую палку і неслі каровам. Колас. // Аб такім адпаведна апрацаваным прадмеце, які ўжываецца як апора пры хадзьбе або для іншых мэт. Клопікаў апранаўся ў лепшы свой пінжак, насоўваў на галаву стары, [пазелянелы] ад старасці і часу кацялок і, абапіраючыся на такую ж старую палку-крывулю,.. важна выходзіў на вуліцу. Лынькоў. Зіна палезла на палкі, вырвалася на [лыжах] наперад. Шыцік. // звычайна мн. (па́лкі, ‑лак); перан. Пра палачныя ўдары, пабоі. Свату першая чарка і першая палка. Прыказка. // перан. Пра гвалт, прымус. Вам з нараджэння невядома Нядоля палкі і ярма. Глебка.
•••
З-пад палкі — быць вымушаным, пад прымусам (рабіць, выконваць што‑н.).
Не кіем дык палкай; ці кіем ці палкай гл. кій.
Палка з двума канцамі — пра тое, што можа скончыцца і добра і дрэнна.
Перагнуць палку гл. перагнуць.
Устаўляць (ставіць) палкі ў колы гл. устаўляць.
палкаво́дзец, ‑дца, м.
Камандуючы вялікімі аператыўна-стратэгічнымі вайсковымі злучэннямі, флотам і пад.; военачальнік. Вялікі рускі палкаводзец Сувораў. □ Рымскі палкаводзец у выгнанні сядзіць задуменны, схіліўшы галаву без шалома, на паваленай, засыпанай пяском калоне. В. Вольскі.
палкавы́, ‑ая, ‑ое.
Які мае адносіны да палка, належыць палку. Палкавы камандзір. Палкавы аркестр. □ Палкавы сцяг заўсёды ў палку павінен быць. Карпаў.
па́лкасць, ‑і, ж.
Уласцівасць палкага. Малады, энергічны,.. [Алесь] палкасцю сваіх слоў умеў пераканаць сялян у праўдзівасці таго, пра што казаў, і яны паважалі яго за гэта. Галавач. Чуеш сэрца ўстрывожаны стук, Бачыш палкасць гарачых вачэй... Таўбін.
па́лкі, ‑ая, ‑ае.
1. Прасякнуты моцным пачуццём, уздымам, натхненнем. Не паспелі мы апамятацца, як тут жа падбеглі нейкія людзі, пачалі націскаць нам рукі, вітаць з прыездам, і нехта ўжо гаварыў кароткую, але імклівую і палкую прамову. Скрыган. // Які з вялікім уздымам адносіцца да чаго‑н., цалкам аддаецца якой‑н. справе. Палкі агітатар. Палкі змагар за нацыянальнае вызваленне.
2. Вельмі страсны, гарачы. Палкі пацалунак. Палкі позірк. □ Плывуць на памяць успаміны, Усё перажытае ўстае, Як вобраз любае дзяўчыны, Як палкі бляск яе вачэй. Гурло.
палко́ўнік, ‑а, м.
1. Афіцэрскае званне або чын, які ідзе за званнем падпалкоўніка. Палкоўнік ганарыўся тым, што ён, кадравы афіцэр, .. вырас ад капітана да палкоўніка, мае сем узнагарод. Шамякін. // Асоба, якая носіць гэтае званне. Пажылы, друзлы сівавусы палкоўнік сядзеў у штабе польскай дывізіі. Колас.
2. Уст. Камандзір палка.