па́лка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.
Частка тонкага ствала або галіны, ачышчаная ад парасткаў. Выразаць палку. □ Неўзабаве вёскаю, пасярод вуліцы, ішоў чалавек — у лапцях, шарачковых портках і старым суконным палітоне. На плячы, на сукаватай палцы, торбачка з хлебам. Крапіва. Двое другіх калгаснікаў насыпалі сечку ў цабэркі.., нанізвалі цабэркі на доўгую тоўстую палку і неслі каровам. Колас. // Аб такім адпаведна апрацаваным прадмеце, які ўжываецца як апора пры хадзьбе або для іншых мэт. Клопікаў апранаўся ў лепшы свой пінжак, насоўваў на галаву стары, [пазелянелы] ад старасці і часу кацялок і, абапіраючыся на такую ж старую палку-крывулю,.. важна выходзіў на вуліцу. Лынькоў. Зіна палезла на палкі, вырвалася на [лыжах] наперад. Шыцік. // звычайна мн. (па́лкі, ‑лак); перан. Пра палачныя ўдары, пабоі. Свату першая чарка і першая палка. Прыказка. // перан. Пра гвалт, прымус. Вам з нараджэння невядома Нядоля палкі і ярма. Глебка.
•••
З-пад палкі — быць вымушаным, пад прымусам (рабіць, выконваць што‑н.).
Не кіем дык палкай; ці кіем ці палкай гл. кій.
Палка з двума канцамі — пра тое, што можа скончыцца і добра і дрэнна.
Перагнуць палку гл. перагнуць.
Устаўляць (ставіць) палкі ў колы гл. устаўляць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)