Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

паце́шыцца, ‑шуся, ‑шышся, ‑шыцца; зак., кім-чым, з каго-чаго і без дап.

1. Парадавацца, палюбавацца, атрымаць задавальненне. Пасля трэцяга ўрока ўся школа пайшла на высокі бераг пацешыцца з прыгажосці яснага дня. Чорны. Як бы пацешылася цяпер .. [Сымонава] першая жонка, Вераніка, з свайго Кастуська! Якімовіч. Даніла ўсё ж такі расказаў пра свой улоў. — Удача добрая. Завязі сваю здабычу дахаты, хай там пацешацца. Пестрак. Прыйшлі старыя маміны сяброўкі, каб разам з ёй пацешыцца маім зваротам, каб разам і паплакаць яшчэ раз аб тых, што не прыйдуць. Брыль.

2. Паздзекавацца з каго‑, чаго‑н., пазабаўляцца. — Ідзі, не бойся! — крыкнуў Сцёпа. Ён добра ведаў, што Рыгорка і кроку не зробіць. Інакш Палкан парве яго. Але хацелася пацешыцца, пазабаўляцца, паздзекавацца з маленькага Рыгоркі. Курто.

паце́шыць, ‑шу, ‑шыш, ‑шыць; зак., каго.

1. Парадаваць каго‑н. Наведае хворую маці Марыйка, усё чысценька раскажа, як яны дома ўпраўляюцца, пацешыць яе. Місько. Бедны араты хацеў пацешыць сваю дачку, прынесці ёй гасцінец. Кудраўцаў.

2. Павесяліць, развесяліць, забавіць. — Ого-го-го! — загагатаў Гусак, — Над Сонцам захацеў мець волю? Ну і пацешыў нас, дзівак... Валасевіч. І вось пацешыць Верачку Жучкі прыбеглі спрытныя, Камарыкі гуллівыя, Мурашкі працавітыя. Танк. І раптам голас: «Эй, Ігнат! Пацеш малодак і дзяўчат, Каб Беларусь затанцавала!» Колас.

3. Суцешыць, заспакоіць. [Казік] не ведаў, што адказаць Веры, як падтрымаць яе, чым пацешыць.., потым прамовіў: — Бедная Верачка, колькі на тваю долю выпала пакут! Машара. [Грыша:] — Зайдзі калі-небудзь да маіх бацькоў, пацеш іх, я цябе прашу. Пестрак.

пацёртасць, ‑і, ж.

1. Стан паводле знач. дзеясл. пацерці.

2. Пашкоджанне, раздражненне верхніх слаёў скуры ад трэння. Пацёртасці на шыі каня.

пацёрты, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад пацерці.

2. у знач. прым. Са слядамі доўгага карыстання; паношаны. Пацёрты партфель. Пацёртае паліто. □ Няскладны машыніст у пацёртай нямецкай форменцы быў заняты не зусім звычайнай для яго працы справай. Лынькоў.

3. перан.; у знач. прым. Разм. Змардаваны, змарнелы. Пацёрты твар. Пацёрты выгляд.

пацёхкаць, ‑ае; зак.

Цёхкаць некаторы час.

пацёхкваць, ‑ае; незак.

Час ад часу цёхкаць.

пацікава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; зак., за кім-чым і з дадан. сказам.

Цікаваць некаторы час. [Кастусь:] — Мы спачатку пацікуем за .. [паляўнічымі], а там, можа, і раскажам [пра Паўла]. Ваданосаў.

паціка́віцца, ‑каўлюся, ‑кавішся, ‑кавіцца; зак.

Праявіць цікавасць да каго‑, чаго‑н. Прылуцкі нават не пацікавіўся, каму і навошта патрабуюцца такія матэрыялы. Новікаў. Урач пацікавілася, як Міколава нага, якую яна нядаўна лячыла. Шчарбатаў.

па́ціна, ‑ы, ж.

Спец. Налёт зеленаватакарычневага колеру, што ўтвараецца на паверхні прадметаў з медзі і бронзы ў выніку акіслення, якое адбываецца пад уздзеяннем часу або ствараецца штучна.

[Іт. patina.]

паціні́раваны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад пацініраваць.