паце́шыцца, ‑шуся, ‑шышся, ‑шыцца; зак., кім-чым, з каго-чаго і без дап.
1. Парадавацца, палюбавацца, атрымаць задавальненне. Пасля трэцяга ўрока ўся школа пайшла на высокі бераг пацешыцца з прыгажосці яснага дня. Чорны. Як бы пацешылася цяпер .. [Сымонава] першая жонка, Вераніка, з свайго Кастуська! Якімовіч. Даніла ўсё ж такі расказаў пра свой улоў. — Удача добрая. Завязі сваю здабычу дахаты, хай там пацешацца. Пестрак. Прыйшлі старыя маміны сяброўкі, каб разам з ёй пацешыцца маім зваротам, каб разам і паплакаць яшчэ раз аб тых, што не прыйдуць. Брыль.
2. Паздзекавацца з каго‑, чаго‑н., пазабаўляцца. — Ідзі, не бойся! — крыкнуў Сцёпа. Ён добра ведаў, што Рыгорка і кроку не зробіць. Інакш Палкан парве яго. Але хацелася пацешыцца, пазабаўляцца, паздзекавацца з маленькага Рыгоркі. Курто.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)