Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

паланізава́ць, ‑зую, ‑зуеш, ‑зуе; зак. і незак., каго-што.

Апалячыць (апалячваць).

паланіза́тар, ‑а, м.

Той, хто праводзіць паланізацыю.

паланіза́тарскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да паланізатара.

паланіза́цыя, ‑і, ж.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. паланізаваць і стан паводле знач. дзеясл. паланізавацца. Жывая народная беларуская мова ў старажытнасці была падвергнута лексічнай паланізацыі ў значна меншай меры, чым літаратурна-пісьмовая. Жураўскі.

палані́зм, ‑у, м.

Слова або выраз, запазычаныя з польскай мовы. У сучаснай беларускай літаратурнай мове параўнаўча невялікая колькасць паланізмаў, г. зн. слоў, запазычаных з польскай мовы. Юргелевіч.

[Ад новілац. polonus — польскі.]

палані́на, ‑ы, ж.

Горная паша з лугавой расліннасцю ў верхнім поясе Карпат і некаторых горных хрыбтоў Балканскага паўвострава. Каб была пры мне дружына Юнакоў-хлапцоў удалых, Ускалыхнуў бы я Карпаты, Бор дрымотны, паланіны. Бажко.

палані́ць, ‑ланю, ‑лоніш, ‑лоніць; зак. і незак., каго-што.

1. Захапіць, узяць у палон. Зграя варожая злева і справа Іх паланіла для жорсткай расправы. Звонак. // Заваяваць, захапіць якія‑н. землі, краіны і пад. У кожным слове Соніных бацькоў гучала нянавісць да чужынцаў, якія паланілі родны край. Новікаў.

2. перан. Прывабіўшы, падпарадкаваць свайму ўплыву. Хацеў знайсці да ісціны ключы, А паланілі формулы і словы. Грахоўскі. Сэрца стала паслухмяным, — любы словам паланіў. Машара. // Зачараваць. Спявалі [дзяўчаты] зладжана, прыгожа, але асабліва паланіў адзін цудоўны голас. Шамякін. Хутка песні і вясёлая музыка паланілі атрад. Лынькоў.

3. Разм. Ахапіць, запоўніць сабой. Водбліскі цямнелі, гаслі, знікалі і зноў успыхвалі з новаю сілай, паланілі ўсё неба. Лынькоў.

паланкі́н, ‑а, м.

Крытыя насілкі, якія служаць экіпажам у некаторых краінах Усходу і Паўднёвай Амерыкі. За .. [мандарынам] чатыры чалавекі неслі паланкін, нібы будку, з сіняй шаўковай занавескай. Маўр.

[Партуг. palanquim з малайск.]

пала́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. палаць ​1.

паланці́н, ‑а, м.

Жаночая накідка ў выглядзе шырокага шаля з футра або аксаміту. Сабаліны паланцін.

[Фр. palatine.]