пага́ніцца, ‑ніцца; незак.
Зал. да паганіць 1.
пага́ніць 1, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; незак., што.
Разм.
1. Пэцкаць чым‑н., рабіць брудным. Паганіць хату. Паганіць рукі.
2. Ганьбіць. [Лясніцкі:] — Ваш стараста — здраднік. Суровая рука народа павінна знішчаць такіх мярзотнікаў, каб яны не паганілі нашу зямлю, не атручвалі наша чыстае паветра. Шамякін.
пага́ніць 2, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; зак., каго-што.
Разм. Неадабральна, дрэнна адазвацца пра каго‑, што‑н. Раніцою ўстане [муж] і без слова ідзе на ток. Прыйдзе адтуль чорны ад пылу,.. памыецца і без слова садзіцца снедаць. Арыне іншы раз хочацца, каб ён паганіў ці пахваліў снеданне, і яна дапытваецца ў яго пра гэта. Чарнышэвіч.
пага́нка, ‑і, ДМ ‑нцы, ж.
1. Лаянк. Жан. да паганец (у 1 знач.).
2. Ядавіты грыб. Бледная паганка.
3. Вадаплаўная птушка, мяса якой мае непрыемны смак. На Палессі водзіцца вушатая, або вялікая паганка, прыгожая чорна-белая птушка. Прырода Беларусі.
пага́нскі, ‑ая, ‑ае.
Разм.
1. Тое, што і паганы (у 1 знач.). — А паганскі гэты Бераг хлопец; такі хуліган, такі абармот. Гартны.
2. Уст. Нехрысціянскі, якой‑н. іншай веры. Паганскія багі.
пага́нства, ‑а, н.
Разм.
1. Нешта вельмі дрэннае. Не, браце, у гэтакім паганстве Я ўдзелу не прыму, вядома. Мардабой І сам не падтрымаю я ніколі, Ды і табе скандаліць не дазволю. Корбан.
2. Уст. Язычніцтва. [У вызначэнні вялікадня] з хрысціянствам сутыкнуліся рэшткі паганства, вера ў аднаўленне вясновай сілы бога-сонца. Лужанін.
пага́ны, ‑ая, ‑ае.
1. Мярзотны, подлы. Паганы чалавек. □ Саўка і два яго канвойнікі застаюцца ззаду. Саўкава місія, паганая здрадніцкая місія, скончана. Колас. Партызаны .. вартавалі вёску ад паганых гасцей. Чорны. // Дрэнны, нядобры. Паганае надвор’е. □ Айцец Кірыл адмовіўся застацца выпіць чаю на дарогу, бо дзень кароткі, а дарога паганая. Колас. / Пра характар, звычкі, душэўны стан і пад. Паганы настрой. Паганы характар.
2. Прызначаны для смецця, нечыстот; брудны. Паганае вядро.
3. Які нельга есці, ядавіты. Паганы грыб.
4. Злы, куслівы (пра сабаку). [Мужык:] — Ёсць у нашага Піліпа сучка паганая, дык мы ўсе яе баімся. Якімовіч.
5. Уст. Нехрысціянскі, язычніцкі. Паганыя ідалы. // Забаронены рэлігіяй. Паганая ежа. □ — Нібы чорт зеллем паганым падкурыў хату Супрона Дразда і Змітрука Карча, — казалі сяляне, чуючы кожны дзень сварку. Чарот.
6. Разм. Не варты ўвагі. І зусім незразумела, навошта было падымаць такі шум з-за гэтай паганай двойкі? Краўчанка.
7. у знач. наз. паганя́е, ‑ага, н. Што‑н. дрэннае, нядобрае. Васіль увесь сціснуўся, насцярожыўся, чакаючы самага паганага. Мележ.
паганя́лка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.
Разм. Тое, чым паганяюць. Раменная паганялка. □ Не дык палкаю — адною паганялкаю. З нар.
паганя́ты, ‑ага, м.
1. Той, хто паганяе запрэжаных жывёл; возчык. Ззаду сеў начальнік канвою і загадаў паганятаму ехаць. Галавач. Як ні гразіўся, ні сцябаў.. [коней] скураной пугай паганяты, як ні пяліся яны,.. воз не кранаўся. Мележ.
2. Той, хто падганяе на працы, наглядчык. [Дзед Банэдык:] — Паганятыя з бізунамі стаялі над каркам у кожнага... Чарнышэвіч.
паганя́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; зак., за кім-чым.
Разм. Ганяцца некаторы час. [Хутарэц:] — Як ўскочыць [сабака] у лес, так і пайшоў па вярхах. Усё варон выглядае, каб пабрахаць ды паганяцца за імі... Ракітны.
паганя́ць 1, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; незак., каго.
Прымушаць ісці, рухацца хутчэй, панукаючы або сцябаючы чым‑н. Рыгор узлез на воз і падаў Сёмку знак паганяць каня. Гартны.
паганя́ць 2, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; зак., каго-што.
1. Ганяць некаторы час. Паганяць галубоў. Паганяць па матэматыцы.
2. Разм. Акучваць, абганяць некаторы час. Паганяць бульбу.