Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

замглёны і заімглёны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад замгліць, заімгліць.

2. у знач. прым. Замглелы, затуманены. Замглёнае неба, што нізка асела над горадам, сеяла рэдкую снегавую пацяруху. Савіцкі.

замглі́цца і заімглі́цца, ‑ліцца; зак.

Пакрыцца імглою, смугою; затуманіцца. Неба заімглілася. / Пра вочы. Вочы замгліліся пялёнкаю болю, моцна сціснутыя вусны здаюцца бледна-жоўтым рубчыкам, знакам, што застаецца ад сечанай раны. Лужанін.

замглі́ць 1 і заімглі́ць 1, ‑ліць; зак.

Пакрыць імглою, смугою; затуманіць. Ці не цень дачаснай скрухі Замгліў смугою яснасць неба. Гаўрусёў.

замглі́ць 2 і заімглі́ць 2, ‑ліць; зак.

Пачаць імгліць.

замча́цца і заімча́цца, ‑чуся, ‑чышся, ‑чыцца; зак.

Тое, што і замчаць (у 2 знач.).

замча́ць і заімча́ць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак.

1. каго-што. Мігам даставіць каго‑, што‑н. куды‑н. Панукі конік не чакае, І сам ён рыссю запускае, Як бы спяшаецца дамоў Замчаць сваіх гаспадароў. Колас.

2. Хутка ідучы, едучы, апынуцца дзе‑н. Паслухмяная трохтонка магла імчаць дзень і ноч і заімчаць хоць на край свету. Кулакоўскі.

замшэ́лы і заімшэ́лы, ‑ая, ‑ае.

Аброслы, пакрыты мохам. Замшэлая страха. Замшэлы камень. □ Замшэлая яліна выцягнула, як руку, вялізны касматы сук на поўдзень. Лынькоў. У ззянні песцяцца бярозы,.. І роняць сокі — шчасця слёзы — На заімшэлыя камлі. Колас.

замшэ́ць і заімшэ́ць, ‑эе; зак.

Абрасці, пакрыцца мохам. Страха, вядома, ужо даўнавата паспела замшэць і грузна апускалася над вокнамі. Пестрак. Заімшэла гумно, І дзядоўская кузня Звекавала даўно. Чэрня.

зардзе́цца і заірдзе́цца, ‑еюся, ‑еешся, ‑еецца; зак.

1. Стаць ярка-чырвоным; пачырванець. Даніла прахапіўся, як толькі зардзеўся на ўсходзе малады вясновы ранак. Сабаленка. // Пачырванець ад сораму, хвалявання і пад. Зіна, пабачыўшы.. [Сяргея і Васіля], адразу зардзелася і разгублена забегала па пакоі, то падаючы крэслы, то выціраючы стол. Няхай. Заірдзелася ў Нямка правая шчака і задрыжалі, сцяліся пад рыжаватымі вусамі губы. Кулакоўскі.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Вылучыцца сваім ярка-чырвоным колерам, паказацца (пра што‑н. ярка-чырвонае). Заірдзеліся між травы суніцы.

зардзе́ць і заірдзе́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

Тое, што і зардзецца, заірдзецца. І лісце і травы Ад росаў зардзелі. Купала. Луг стрымана зардзеў чырванню маку. Быкаў.

заржаве́лы і заіржаве́лы, ‑ая, ‑ае.

Пакрыты ржою; іржавы. Заржавелы дрот.