Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

зачахлі́ць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; зак., што.

Пакрыць чахлом. Зачахліць гарматы. □ Ложкі, крэслы — усе хатнія рэчы Зачахліў [сусед], каб сынам зберагчы. Калачынскі.

зача́хлы, ‑ая, ‑ае.

Змарнелы, хваравіты. Зачахлы чалавек. // Які зачах, слаба расце; завялы. Тут, сярод абымшэлых каржакаватых сосен, пахіленых і зачахлых на гэтай выспе, вісела цішыня. Пташнікаў.

зачахля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.

Незак. да зачахліць.

зача́хнуць, ‑чахну, ‑чахнеш, ‑чахне; пр. зачах, ‑ла; зак.

Змарнець, заняпасці (ад хваробы, гора і пад.). Зачахнуць у няволі. □ — Што ты, бедная дзяўчынка, Тут павісла на крыжы? Ты зачахнеш, Кацярынка, Як былінка на мяжы. Броўка. // Спыніць рост, развіццё; звяць, засохнуць (пра расліны). Калі дрэўца перасаджваюць у новы грунт, дык і яно патрабуе стараннага догляду і дапамогі. Інакш можа зачахнуць або і зусім загінуць. Машара.

зача́цца 1, ‑чнецца; пр. зачаўся, ‑лася, ‑лося; зак.

Уст. Зарадзіцца ў лоне маці.

зача́цца 2, ‑чнецца; пр. зачаўся, ‑лася, ‑лося; зак.

Разм. Пачацца. Зачаўся дзень, клапотны, гаманлівы. Колас.

зача́цце, ‑я, н.

Дзеянне і стан паводле знач. дзеясл. зачаць ​1; апладненне, пачатак цяжарнасці. О таямніца таямніц — зачацце травінкі кволай, звера, чалавека! Рудкоўскі.

зача́ць 1, ‑чну, ‑чнеш, ‑чне; ‑чнём, ‑чняце; пр. зачаў, ‑ла, ‑ло; зак., каго.

Уст. Зарадзіць, даць пачатак жыцця каму‑н. Зачаць дзіця.

зача́ць 2, ‑чну, ‑чнеш, ‑чне; ‑чнём, ‑чняце; пр. зачаў, ‑ла, ‑ло; зак., што.

Разм. Пачаць, прыступіць да чаго‑н. Зачаць гаворку. □ І вось дзесь блізка, перш нясмела Зайграў глушэц і абарваўся Ды зноў зачаў, разбалбатаўся. Колас.

зачвя́каць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

Разм. Пачаць чвякаць.

зачмуры́ць, ‑чмуру, ‑чмурыш, ‑чмурыць; зак., каго-што.

Разм. Задурыць, затлуміць. Зачмурыць галаву.

зачмуці́ць, ‑чмучу, ‑чмуціш, ‑чмуціць; зак., каго-што.

Разм. Увесці ў зман, задурыць галаву каму‑н. [Бабка:] — Не зводзь, стары дурань, з тропу малога. Хлопцу галаву зачмуціш паравозамі сваімі. Шынклер.