зата́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; зак., што.
Змясціць у тару. Затарыць яблыкі. / у перан. ужыв. Пясочку ў лёгкіх мала, яшчэ не ўсё затарыў, Папыласось з запалам Кілімы тратуараў. Барадулін.
за́таўка, ‑і, ДМ ‑таўцы, ж.
Заправа, закраса са свінога сала, звычайна нутранога. [Сомік:] Скажы Тэклі, няхай падбяжыць, я крышан здору на затаўку дам. Крапіва. — Ого, сала! А як, можна есці на поўную губу? Ці можа яно ў цябе толькі дзеля закрасы? На затаўку ў капусту? Гурскі.
затаўка́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да затаўчы 2.
затаўрава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак., каго-што.
Спец. Паставіць таўро; заклеймаваць. Затаўраваць каня.
затаўсце́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.
Абл. Зацяжараць. — Парабчанка Галіноўскіх затаўсцела, дык каб дзіцяці не было, аборт у Гартны зрабіла. Галавач.
затаўха́ць 1, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.
Разм. Замучыць, стаміць таўхаючы. У натоўпе яго зусім затаўхалі.
затаўха́ць 2, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
Разм. Пачаць таўхаць.
затаўчы́ 1, ‑таўку, ‑таўчэш, ‑таўчэ; ‑таўчом, ‑таўчаце; зак., каго-што.
Разм.
1. Збіць да паўсмерці, да страты прытомнасці. Супакоілі.. [манаха] рыбакі, што набеглі з усіх бакоў. А былі, напэўна, злыя, бо ледзь не затаўклі кулакамі. Бажко.
2. Абл. Уціснуць, уваткнуць што‑н. куды‑н. Нарэшце засталося ўсцягнуць падушкі. Адну на другую. Каб было высока. А рагі затаўчы ў сярэдзіну. Гарбук.
затаўчы́ 2, ‑таўку, ‑таўчэш, ‑таўчэ; ‑таўчом, ‑таўчаце; зак., што.
Заправіць затаўкай. Затаўчы кашу здорам.
затаўчы́ 3, ‑таўку, ‑таўчэш, ‑таўчэ; ‑таўчом, ‑таўчаце; зак.
Разм. Пачаць таўчы.
затачы́цца, ‑тачуся, ‑точышся, ‑тачыцца; зак.
Разм. Пралезці, праціснуцца ў глыб, у сярэдзіну чаго‑н. Затачыцца ў натоўп. □ Хацеў [Мітрафанка] кінуцца ў адрыну, затачыцца ў сена і перабыць ліхую гадзіну, дачакацца, пакуль прыйдзе бацька. Сабаленка.
затачы́ць, ‑тачу, ‑точыш, ‑точыць; зак., што.
Зрабіць вострым; завастрыць. Затачыць свярдзёлак.