Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

задво́рак, ‑рка, м.

1. Задняя частка двара. Юрка падняў лямпу і ўбачыў, што ў адзіным акенцы, якое выходзіла на задворак, няма шыбін. Курто.

2. толькі мн. (задво́ркі, ‑аў). Месца за дварамі, ззаду двароў. У садах, што пачыналіся з задворкаў і спускаліся аж да паплавоў, было змрочна і туманна. Сіўцоў. Задворкамі, каб не кідацца людзям у вочы, як злодзей, [Лабановіч] накіраваўся на дарогу ў бок станцыі. Колас. // перан. Пра глухую, закінутую мясцовасць, ускраіну чаго‑н. і пад. З адсталага аграрнага прыдатка імперыялістычных дзяржаў, з задворкаў Еўропы Латвія ператварылася ў высакаразвітую індустрыяльную .. рэспубліку. «Звязда».

•••

На задворках чаго — на заднім плане, убаку. Апынуцца на задворках гісторыі.

задзвы́нкаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

Пачаць дзвынкаць.

задзе́л, ‑у, м.

Тое, што зроблена наперад, у запас.

задзеравяне́лы і задзервяне́лы, ‑ая, ‑ае.

Разм. Які стаў цвёрдым, як дрэва; адзеравянелы. // Які страціў адчувальнасць; анямелы. Задзеравянелая нага.

задзеравяне́ць і задзервяне́ць, ‑е’е; зак.

Разм. Стаць цвёрдым, як дрэва; адзеравянець. Маладыя парасткі к восені задзеравянелі. // Страціць адчувальнасць; анямець. Рука задзеравянела.

задзернава́ць, ‑дзярную, ‑дзярнуеш, ‑дзярнуе; зак., што.

Аблажыць, пакрыць дзёрнам. Задзернаваць адхон.

задзе́рці, ‑дзяру, ‑дзярэш, ‑дзярэ; ‑дзяром, ‑дзераце; пр. задзёр, ‑дзерла і ‑дзёрла; зак., каго-што.

Разм. Тое, што і задраць. З лавы падняўся Солтыс грамадскі, Клінам задзёр бараду. Танк. — Гэй, што нос задзёрла? Чаму не вітаешся? М. Ткачоў.

задзе́рціся, ‑дзяруся, ‑дзярэшся, ‑дзярэцца; ‑дзяромся, ‑дзерацеся; пр. задзёрся, ‑дзерлася і дзёрлася; зак.

Разм.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Тое, што і задрацца ​1 (у 1 знач.). У Тодара ад бяссонніцы слязіліся старыя вочы. Барада была ўскудлачана, задзёрлася ўгору. Пташнікаў.

2. Тое, што і задрацца ​1 (у 2 знач.).

задзе́ць, ‑дзену, ‑дзенеш, ‑дзене; заг. задзень; зак., каго-што.

Разм. Палажыць, засунуць куды‑н. так, што цяжка знайсці; дзець, падзець. А бацька сек, пытаў скрозь гнеў: — Куды «начаткі», гад, задзеў? Колас.

задзёр, ‑у, м.

Абл. Задор. — Чаго ты стаіш, як слуп? — засмяяліся хлопцы. І яшчэ з большым задзёрам заскакалі вакол Стася. Вітка. [Зосю] абдавала густым салодкім водарам зялёных палёў, наганяла бадзёрасці і маладога дзявочага задзёру. Гартны.