Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

вытво́рнік, ‑а, м.

Самец, пакінуты для разводу патомства. Жарабец-вытворнік.

вытво́рны, ‑ая, ‑ае.

Утвораны ад іншых форм, велічынь і пад. Вытворнае слова. Вытворная велічыня.

вытво́рца, ‑а, м.

Той, хто вырабляе, стварае матэрыяльныя каштоўнасці. Вытворцы збожжа. Вытворцы прамысловых тавараў.

вытво́рчасць, ‑і, ж.

1. Працэс стварэння матэрыяльных даброт, неабходных для існавання і развіцця грамадства. Таварная вытворчасць. Сацыялістычная вытворчасць. Сродкі, рэзервы вытворчасці. Узровень вытворчасці. □ Моцнай эканамічнай асновай грамадства стала сацыялістычная ўласнасць на сродкі вытворчасці. Праграма КПСС.

2. Выраб, стварэнне якой‑н. прадукцыі; выпрацоўка. Вытворчасць сталі, машын, мяса. □ Якаснае паляпшэнне зямель дало магчымасць многім гаспадаркам значна павялічыць вытворчасць сельгаспрадукцыі. Машэраў.

3. Галіна, від народнай гаспадаркі. Прамысловая, сельскагаспадарчая вытворчасць. Буйная, дробная вытворчасць.

4. Праца па стварэнню якой‑н. прадукцыі. Працаваць на вытворчасці. Вучыцца без адрыву ад вытворчасці.

•••

Адзінкавая вытворчасць — вытворчасць некаторых вырабаў адзінкамі або невялікімі разавымі партыямі.

вытво́рчы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае дачыненне да вытворчасці. Вытворчая праграма, практыка. Вытворчы працэс.

2. Які непасрэдна займаецца вытворчасцю, вырабам чаго‑н. Вытворчая брыгада.

вы́тканы, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад выткаць.

вы́ткаць, ‑тку, ‑тчаш, ‑тча; ‑тчам, ‑тчаце, ‑ткуць; заг. вытчы; зак., што.

Саткаць што‑н., зрабіць тканнем. Выгнаць палатно, кросны, узор. □ Хто можа з.. [Аленаю] справіцца! Не толькі на полі! Хто танчэй і хутчэй спрадзе? А пасадзі яе за кросны! Няхай другая паспрабуе выткаць абрусы і коўдры ў шаснаццаць нітоў! Чарнышэвіч.

вы́ткнуцца, ‑ткнуся, ‑ткнешся, ‑ткнецца; зак.

Разм.

1. Паказацца, вылезці, высунуцца. Выткнуцца з-за вугла. Выткнуцца з двара на вуліцу. □ З-за хмары выткнуўся рог месяца. Сачанка. Сядзеў толькі адзін пасажыр-селянін, абапёршыся локцем на свой клунак, з якога выткнулася сякера. Пестрак.

2. перан. Недарэчна ўмяшацца ў якую‑н. справу. А тут яшчэ заўсёды ў такіх выпадках і Волька выткнецца. Васілевіч.

•••

Выткнуцца з языком — сказаць што‑н. не да месца.

вы́ткнуць, ‑ткну, ‑ткнеш, ‑ткне; зак., што.

Разм. Выставіць, паказаць вонкі; высунуць. Маладыя хлапчукі прылеглі пад мяшок і, як зайцы, баяліся выткнуць вушы. Чарот. Сарока села на раму, выткнула галаву на двор і доўга пазірала з пятага паверха, як унізе гуляюць дзеці. Пальчэўскі.

•••

Выткнуць нос — тое, што і высунуць нос (гл. высунуць).

вытлумача́льны, ‑ая, ‑ае.

Кніжн. Даступны для разумення.