Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

вы́едзены, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад выесці.

2. у знач. прым. Пусты, апарожнены.

•••

Не варты выедзенага яйца гл. варты.

вы́езд, ‑у, М ‑дзе, м.

1. Дзеянне паводле дзеясл. выязджаць (у 1 знач.).

2. Месца, праз якое выязджаюць адкуль‑н., куды‑н. Выезд на шашу. □ Ціток абышоў усю гэту круговіну лесу, агледзеў, як дбалы гаспадар, усе пад’езды і выезды. Лобан. Мільгаюць голыя дрэвы, руіны, новыя домікі, людзі... Пасля мы ныраем пад арку на выездзе з гарадка. Брыль.

3. Уст. Коні з экіпажам і вупражжу. І жартавалі мы, што мае Ян Уласны выезд, як вялікі пан. Зарыцкі.

вы́езджаны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад выездзіць.

2. у знач. прым. Утрамбаваны, убіты яздой; уезджаны, наезджаны. Сцежка.. прашылася праз гушчар і выбегла на выезджаную лясную дарогу. Адамчык.

вые́зджваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да выездзіць.

вы́ездзіць, ‑езджу, ‑ездзіш, ‑ездзіць; зак., што.

1. Ездзячы, пабываць у многіх месцах; аб’ездзіць. Сын з армейскай групай самадзейнай Нямала выездзіў мясцін. Гаўрусёў.

2. Утрамбаваць, убіць яздой; уездзіць. Добра выездзіць дарогу.

3. Разм. Ездзячы, дасягнуць якой‑н. мэты. — Таа-к, — уздыхаў Мікода, — ездзілі і нічога не выездзілі. Галавач. // Зарабіць возніцтвам, яздою.

вы́ездка, ‑і, ДМ ‑дцы, ж.

Спец. Прывучванне маладога каня хадзіць пад сядлом або ў запрэжцы; аб’ездка (у 2 знач.).

вы́емачны, ‑ая, ‑ае.

Выняты пры капанні, пры ўтварэнні выемкі. Выемачны грунт.

вы́емісты, ‑ая, ‑ае.

Які мае выемкі, выразы.

вы́емка, ‑і, ДМ ‑мцы; Р мн. ‑мак; ж.

1. Паглыбленне, упадзіна. Валік з выемкамі. □ Нібы з зямлі выраслі непадалёку тры чалавечыя фігуры. Яны падняліся з выемкі, успаўзлі па адкосу на палатно, прыўзнялі галовы і доўга пазіралі. Чарот.

2. Працэс капання і пераносу грунту; выманне. Выемка зямлі з катлавана.

вы́енчыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак., што.

Разм. Дамагчыся чаго‑н. неадступнымі просьбамі; выпрасіць.