вы́мавіць, ‑маўлю, ‑мавіш, ‑мавіць; зак., што.
Перадаць голасам гукі, словы сваёй ці чужой мовы; сказаць. Акінуўшы шчаслівымі вачамі навічкоў.., [Сымон Якаўлевіч] вымавіў расцяжна, робячы націск на кожным слове: — Я, юны піянер... Якімовіч. — Ну і надвор’е! — вымавіў чалавек з перавязанай рукой. Лынькоў. — Адыдзі, кажу! — ціха, але патрабавальна вымавіла.. [Вара]. Дуброўскі.
вымага́льнік, ‑а, м.
Той, хто вымагае што‑н. Міхалка паддаецца спакусе, становіцца памагатым і вымагальнікам, нават захапляецца сваёй роляй. Барсток.
вымага́льніцкі, ‑ая, ‑ае.
Уласцівы вымагальніку.
вымага́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. вымагаць.
вымага́цца, ‑аецца; безас. незак.
Патрабавацца. Ідуць-чаканяць левай-правай, Як вымагаецца «уставам». Колас.
вымага́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., што.
1. Дамагацца чаго‑н. прымусам, сілай, пагрозамі; настойліва патрабаваць. Вымагаць грошы.
2. чаго, са злучн. «каб» і без дап. Патрабаваць. Вымагаць да сябе ўвагі. Работа вымагае ўмення. □ Радасць працы вымагае, каб усё тое, што добра зроблена, было заўважана і адзначана. Чорны. Садзяцца госці, ды не зразу,.. Бо так шляхетнасць вымагае. Колас.
вы́мазаны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад вымазаць.
2. у знач. прым. Памазаны маззю; забруджаны.
вы́мазацца, ‑мажуся, ‑мажашся, ‑мажацца; заг. вымажся; зак.
1. Намазаць сябе чым‑н. Вымазацца крэмам.
2. у што. Разм. Запэцкацца, замазацца. Вымазацца ў дзёгаць. Вымазацца ў гліну.
вы́мазаць, ‑мажу, ‑мажаш, ‑мажа; заг. вымаж; зак., што.
1. Намазаць, нацерці чым‑н. Вымазаць паркет масцікай.
2. у што. Разм. Запэцкаць, замазаць. Вымазаць адзенне ў мел.
3. Разм. Расходаваць на мазанне, націранне. Вымазаць увесь вазелін. // Зняць, ачысціць з паверхні чаго‑н. рэшткі масла, смятаны і пад. Вымазаць скавараду.