вы́вад, ‑а і ‑у, М ‑дзе, м.
1. ‑у. Дзеянне паводле дзеясл. выводзіць — вывесці (у 1–3 знач.).
2. ‑у. Суджэнне, якое лагічна вынікае з меркаванняў. Тэарэтычныя, практычныя вывады. Канчатковы вывад. □ Круцілі і так і гэтак і кожны раз прыходзілі да вываду — трэба будаваць новыя печы. Карпаў.
3. ‑а. Спец. Провад або спецыяльнае прыстасаванне, прызначанае для сувязі са знешнім асяроддзем.
вы́вадак, ‑дка, м.
Чародка звяркоў, птушанят, выведзеных адной маткай. Вывадак куранят. Воўчы вывадак. □ У густой лістоце дрэў аж заходзіліся ад шчабятання маладыя вераб’іныя вывадкі. Дуброўскі. // Разм. Чые‑н. дзеці. — Што, Пецька — прыехаў? — З вывадкам і ўсімі манаткамі. Ракітны.
вы́вадзгацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
Разм. Вымазацца, выпацкацца. Вывадзгацца ў мазь. □ Во як вывадзгаўся, каб на цябе... Адамчык.
вы́вадзгаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.
Разм. Запэцкаць, забрудзіць. Вывадзгаць кашулю.
вы́вадзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; зак., каго.
Разм. Доўга павадзіць па розных мясцінах.
вы́вадка, ‑і, ДМ ‑дцы, ж.
1. Дзеянне паводле дзеясл. выводзіць — вывесці (у 11 знач.).
2. Вывад коней для агляду ці размінкі.
вы́вадкавы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да вывадка.
вывадны́, ‑ая, ‑ое.
Які служыць для вываду, выхаду чаго‑н. адкуль‑н. Вывадная адтуліна. Вывадны канал. Вывадны апарат.
вы́важаны 1, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад выважыць.
вы́важаны 2, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад вывазіць.
выва́жванне, ‑я, н.
Разм. Дзеянне паводле знач. дзеясл. выважваць — выважыць.