выя́ва, ‑ы, ж.
1. Форма праяўлення чаго‑н.
2. Узнаўленне сродкамі мастацтва вонкавага, пачуццёва-канкрэтнага аблічча з’яў рэчаіснасці.
вы́явіцца, ‑яўлюся, ‑явішся, ‑явіцца; зак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Наглядна праявіцца; паказацца (пра што‑н. скрытае). У хлопца выявіліся добрыя арганізатарскія здольнасці, старанне, настойлівасць і акуратнасць у рабоце. Кулакоўскі. // Разм. Паказаць сябе. Макар Лагун ужо не раз казаў Сцёпку, чаму ён не ў ячэйцы, .. і чаму не выявіўся нічым, як бязбожнік. Колас. // Выкрыцца, стаць відавочным. Выявіліся недахопы. Выявілася нястача грошай.
2. безас. (звычайна ў спалучэнні са злучнікам «што»). Аказацца на самай справе, у выніку чаго‑н. Ужо з першых крокаў выявілася, што такое заданне даць лягчэй, чым яго выканаць. Якімовіч. Калі праверылі людзей, то выявілася, што ўсе былі ў зборы. Мележ. Як выявілася, рыбакі паехалі ў сяло. Краўчанка.
3. Разм. Выпісацца адкуль‑н. Выявіцца з дамавой кнігі.
вы́явіць, ‑яўлю, ‑явіш, ‑явіць; зак., каго-што.
1. Знайсці, адшукаць; заўважыць. Ноччу пры святле ракет гітлераўцы яшчэ раз прачасалі ўчастак паўднёвых варот, але, як і першы раз, нікога не выявілі. Лупсякоў. Не пакідаць жа хлопца ў лесе або ў чужых людзей, дзе яго лёгка маглі б выявіць. Колас. // Выкрыць што‑н. Выявіць злачынства. □ [Свірыд] толькі што зрабіў вялікую шкоду і баіцца, каб яго не выявілі. Сабаленка.
2. Праявіць, выказаць якую‑н. скрытую якасць, уласцівасць. Выявіць талент. Выявіць спрыт. □ Навічок, калі яго абступіла дзетдомаўская дзетвара, адразу выявіў свой характар. Васілевіч. // Разм. Паказаць сябе. Сцёпка адчуваў патрэбу выявіць сябе хоць чым-небудзь у гэтую ноч. Колас.
3. Вызначыць па якіх‑н. прыкметах; высветліць. Выявіць запасы карысных выкапняў. Выявіць падрыхтоўку вучняў. // Бясспрэчна даказаць што‑н., выкрыць. У дакладзе.. Грышка выявіў прычыны ўсіх вясковых бед. Чорны.
4. Разм. Выпісаць, выключыць са складу. Выявіць кватарантаў.
выяда́цца, ‑аецца; незак.
Зал. да выядаць.
выяда́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да выесці.
выязджа́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да выехаць.
выязны́, ‑ая, ‑ое.
1. Звязаны з выездам куды‑н. Выязная сесія суда.
2. Прызначаны для выезду. Выязныя вароты.
3. Прызначаны для язды. Выязны конь.
вы́яснець, ‑ее; зак.
безас. Стаць ясным, бясхмарным; праясніцца. Навальніца прайшла, і на дварэ выяснела.
вы́ясніцца, ‑ніцца; зак.
1. Стаць ясным, светлым, бясхмарным. Пасля поўначы неба выяснілася, засеялася рознакаляровымі.. агеньчыкамі-зорамі. Колас. // безас. Распагодзіцца. У гэты дзень сеялася мокрая імгла, але к вечару выяснілася і захад сонца быў чысты. Чорны.
2. Тое, што і высветліцца. Непаразуменне выяснілася.