вы́лавіць, ‑лаўлю, ‑лавіш, ‑лавіць; зак., каго-што.
1. Пералавіць; знішчыць лоўляй. Вылавіць рыбу ў рацэ. □ Перамагаючы ў сабе страх і слабаволле, кравец дапамагае вылавіць бандытаў. Барсток.
2. Ловячы, здабыць, выцягнуць адкуль‑н. Вылавіць бервяно з ракі. □ [Катэр] зігзагамі ходзіць над загінуўшым караблём, каб вылавіць тых, якія яшчэ былі на вадзе. Кулакоўскі. // перан. Знайсці. Вылавіць памылкі.
вы́ладзіцца, ‑ладжуся, ‑ладзішся, ‑ладзіцца; зак.
Абл. Узяць напрамак, накіравацца. Каровы, не чуючы голасу Ігнася, адна за адной паднялі хвасты і выладзіліся на дарогу. Мурашка.
вы́лажаны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад вылажыць.
вы́лажыць, ‑жу, ‑жыш, ‑жыць; зак., што.
Тое, што і выкласці. [Мужчыны] вылажылі з лодкі на мост і занеслі на бераг усю сваю гаспадарку. Брыль. Даніла вылажыў свой план. Колас.
вы́лаз, ‑а, м.
Шчыліна, дзірка (у сховішчы, нары і пад.), праз якую можна вылезці. У час землетрасення Змяя патрапіла ў бяду: Засынала ўсе вылазы каменнем, Не выпаўзці па харч і па ваду. Валасевіч.
вы́лазіць, ‑лажу, ‑лазіш, ‑лазіць; зак., што.
Разм. Лазячы, усюды пабыць, усё аблазіць.
выла́зіць, ‑ла́жу, ‑ла́зіш, ‑ла́зіць.
Незак. да вылезці.
•••
Аж вочы на лоб вылазяць гл. вока.
Вылазіць са скуры — старацца з усіх сіл.
Не вылазіць з даўгоў — мець увесь час даўгі.
вы́лазка, ‑і, ДМ ‑зцы; Р мн. ‑зак; ж.
1. Выхад за межы свайго размяшчэння для нападу на ворага.
2. Разм. Прагулка за межы населенага пункта. Лыжная вылазка. Вылазка ў лес.
3. перан. Нечаканы варожы выпад. Вылазка класавага ворага. Нацыяналістычная вылазка.
вы́лам, ‑у, м.
Выламанае месца, дзірка ў сцяне, плоце і пад.
вы́ламаны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад выламаць.
вы́ламацца, ‑міцца; зак.
Зламаўшыся, выпасці, выняцца. Зачапілі [матросы клетку] за краты, але ледзь клетка кранулася — некалькі прэнтаў выламалася. Маўр.