вы́найдзены, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад вынайсці.
вы́найсці, ‑найду, ‑найдзеш, ‑найдзе; зак., што.
Працуючы творча, стварыць што‑н. новае. Вынайсці машыну. // Разм. Прыдумаць. Вынайсці новую забаву. Вынайсці прычыну.
вы́нас, ‑у, м.
Дзеянне паводле дзеясл. вынесці (у 1 знач.).
вы́насіцца, ‑сіцца; зак.
Выцерціся, працерціся ад доўгага нашэння. Паліто вынасілася і не грэе.
вы́насіць, ‑нашу, ‑носіш, ‑носіць; зак., каго-што.
1. Перанесці за некалькі прыёмаў усё, поўнасцю. З хлява вывезлі на поле гной. З грубак, з лазні і з кухні вынасілі вёдрамі.. попел. Нядзведскі. Здаецца, не стрывае камень, а .. [чалавек] за свой кароткі век і горы вынасіць рукамі... Дубоўка.
2. Пранасіць дзіця да родаў. [Валя да Любы:] — Цяпер я цябе зусім адчуваю, ты свайго сына вынасіла ўсёй сваёй душой... Чорны.
3. Выцерці, працерці ў выніку доўгага нашэння.
4. Пранасіць некаторы час. Выносіць касцюм пяць гадоў.
5. перан. Абдумаць да поўнай яснасці, закончанасці. Выносіць ідэю. □ Вынасіў дзед Талаш, як маці дзіця, сваю неспакойную думку. Колас. Чудзін здаваўся.. [Маі] тым героем, каго яна вынасіла ў дзявочых марах, вычытала ў сотнях кніжак, падгледзела крадком у фільмах. Карпюк.
вынасны́, ‑ая, ‑ое.
1. Вынесены за межы чаго‑н. Вынасная графа.
2. Прыстасаваны для вынасу, пераносу. Вынасны ложак. Вынасная радыёстанцыя.
3. Спец. Высунуты наперад у выглядзе выступу. Вынасное судна.
вынахо́дзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць.
Незак. да вынайсці.
вынахо́дка, ‑і, ДМ ‑дцы; Р мн. ‑дак; ж.
Разм. Тое, што і вынаходства (у 2 знач). Хлопец .. [Антон] здольны, добра ведае і любіць хімію. Але ж ад гэтага яшчэ не так блізка да вялікіх вынаходак. Дубоўка. // Выдумка. Дзіцячая вынаходка.
вынахо́длівасць, ‑і, ж.
Уласцівасць і якасць вынаходлівага. Барацьба з хітрым і каварным ворагам патрабавала ад партызан, а тым больш ад разведчыкаў, выключнай кемлівасці і вынаходлівасці. Казека.
вынахо́длівы, ‑ая, ‑ае.
Які можа знайсці выйсце са складанага становішча; знаходлівы. Вынаходлівы арганізатар. Вынаходлівы на жарты. □ Старшына .. [Максім] быў вынаходлівы: усё мог здабыць, усё атрымаць і даставіць раней за другіх, абвесці вакол пальца любых інтэндантаў. Шамякін. // Здольны ствараць, вынаходзіць новае. Вынаходлівы розум.