Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

палітэ́хнікум, ‑а, м.

Сярэдняя політэхнічная навучальная ўстанова.

палі́ў, ‑ліву, м.

Дзеянне паводле дзеясл. паліваць ​2 — паліць ​2 (у 1 знач.).

палі́ўка, ‑і, ДМ ‑ліўцы, ж.

Дзеянне паводле дзеясл. паліць ​2 (у 1 знач.).

па́ліўны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да паліва; які выкарыстоўваецца як паліва. Паліўны газ. // Прызначаны для падачы, перавозкі, захоўвання паліва. Паліўны бак. Паліўны склад. // Які мае адносіны да вытворчасці, здабычы паліва. Паліўная прамысловасць.

2. Разм. Прыгодны для таго, каб паліць (пра дровы, печ і пад.). Паліўная печ.

паліўны́, а́я, ‑о́е.

Які мае адносіны да паліўкі. Паліўное земляробства. Паліўны сезон. // Прызначаны для паліўкі. Паліўныя жалабы. // Які мае патрэбу ў паліўцы. Паліўныя культуры. Паліўныя землі.

палі́ўшчык, ‑а, м.

Рабочы, які займаецца паліваннем.

паліфо́нны, ‑ая, ‑ае.

Спец. Тое, што і поліфанічны.

паліфто́нг, ‑а, м.

Спец. Некалькі галосных гукаў, што стаяць побач і ўтвараюць адзін склад; проціл. манафтонг.

[Ад грэч. poly — многа і phtógos — гук.]

паліхро́мія, ‑і, ж.

Спец. Шматколернасць.

[Ад грэч. polychrōmos — шматколерны.]

па́ліца, ‑ы, ж.

Цяжкая дубіна з патоўшчаным канцом, якая ў старажытныя часы служыла зброяй.

палі́ца, ‑ы, ж.

1. Дошка або некалькі дошак, прымацаваных да сцяны або ўнутры шафы для размяшчэння кніг, пасуды і пад. Над сталом у акуратнай, зашклёнай раме вісеў вялікі партрэт Шота Руставелі, на паліцы ляжалі стопкі кніг, па выгляду многа ўжо чытаных. Самуйлёнак. На паліцах крамы — шапкі, кірзавыя боты, скрынкі цукерак, пернікаў. Ракітны. // Разм. Верхняя лаўка для ляжання або для багажу ў чыгуначным вагоне. Дзяцей набілася поўнае купэ. А некалькі хлапчукоў умудрыліся залезці нават на багажныя паліцы. Хомчанка. У самым канцы.. [Балашоў] знайшоў незанятую верхнюю паліцу, ускінуў на яе маленькі фанерны чамаданчык і пачаў умошчвацца на начлег. Грахоўскі.

2. Спец. Частка плуга, якая аддзяляе і пераварочвае падрэзаны лемяшом пласт зямлі; адвал. // Прыстасаванне ў некаторых сельскагаспадарчых машынах.

•••

Класці зубы на паліцу гл. класці.

паліца́й, ‑я, м.

Разм. У час Вялікай Айчыннай вайны ў акупіраваных раёнах — паліцэйскі, завербаваны з ліку мясцовага насельніцтва. Немцы і пасаджаныя ў вёску паліцаі цягалі на допыт жонку Міхала і яго суседзяў. Васілевіч. У Дулебах, дзе жыла цётка Тэкля, былі ўжо партызаны, і немцы з паліцаямі туды і не патыкаліся. Ермаловіч.