палінезі́йскі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да Палінезіі, палінезійцаў, уласцівы ім. Палінезійскія мовы.
палінезі́йцы, ‑аў; адз. палінезіец, ‑зійца, м.; палінезійка, ‑і, ДМ ‑зійцы; мн. палінезійкі, ‑зіек; ж.
Карэннае насельніцтва Палінезіі і некаторых іншых астравоў Ціхага акіяна.
паліне́іць, ‑ею, ‑еіш, ‑еіць; зак.
1. што. Разлінеіць усё, многае. Палінеіць увесь сшытак.
2. і без дап. Лінеіць некаторы час.
паліно́м, ‑а, м.
Спец. Тое, што і мнагачлен.
[Ад грэч. polý — многа і nomos — частка.]
паліня́лы, ‑ая, ‑ае.
Які страціў свежасць фарбаў; выцвілы. Дзяўчына пачала развязваць пад барадой рамкі палінялай хусткі. Арочка. Нашу ўвагу прыцягнула палічка з адметнымі кнігамі: у старых пераплётах, з палінялымі ад часу літарамі на скураных карашках. Пальчэўскі. // перан. Разм. Які страціў свежасць, выразнасць, жывасць. [Наздрэйка] няўцямна ўтаропіўся на старшыню сіняватымі палінялымі вачыма. Крапіва.
паліня́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; зак.
1. Страціць сваю першапачатковую афарбоўку; выцвісці. Пасціраліся і абцёрліся вуглы ў гармоні, .. палінялі залочаныя мяхі. Лынькоў. Гляджу на леташнія здымкі, Што крышку палінялі без пары. Грахоўскі. // перан. Разм. Страціць выразнасць, яркасць. Палінялі зоркія вочы сялянкі, якая з маленства ўглядаецца ў бязмежжа палявых прастораў. Грахоўскі.
2. Скінуць ці змяніць у пэўныя перыяды сваё верхняе покрыва (пра жывёл, птушак).
палі́п, ‑а, м.
Спец.
1. Кішачнаполасцевая жывёліна з прысоскамі на адным канцы, якімі яна прымацоўваецца да нерухомага прадмета, і ротам на процілеглым канцы. Каралавы паліп.
2. Дабраякасная пухліна, звязаная ножкай са слізістай абалонкай, на якой яна размешчана. Паліпы ў носе.
[Грэч. polýpus, ад polý — многа і pus — нага.]
палі́павы, ‑ая, ‑ае.
Спец. Які мае адносіны да паліпа, з’яўляецца паліпам. Паліпавае ўтварэнне.
паліпападо́бны, ‑ая, ‑ае.
Спец. Падобны да паліпа. Паліпападобная пухліна.
палі́пны, ‑ая, ‑ае.
Спец. Тое, што і паліпавы. Паліпныя арганізмы.