Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

паляўні́цтва, ‑а, н.

Занятак паляваннем. — Ніколі [Лявон] за плуг не браўся, хоць ад бацькі меў чвэрць валокі. Аддаваў у арэнду, а то і проста кідаў надзел без догляду, а сам бадзяўся па манастырах, прабаваў займацца паляўніцтвам, лячыў людзей зеллем, загаворваў кроў, змяіны ўкус. Кулакоўскі.

паляўніцтвазна́вец, ‑наўца, м.

Спецыяліст у галіне паляўніцтвазнаўства.

паляўніцтвазна́ўства, ‑а, н.

Дысцыпліна, якая вывучае вядзенне паляўнічай гаспадаркі і спосабы палявання.

паляўніцтвазна́ўчы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да паляўніцтвазнаўства.

паляўні́чы 1, ‑ага, м.

Той, хто займаецца паляваннем. Сюды [на Глухі востраў] рэдка хто заходзіў, хіба толькі самыя дасціпныя паляўнічыя зазіралі. Колас. Праз некалькі мінут.. [лось] выскачыў на невялікую прагаліну і неспадзявана наткнуўся на двух паляўнічых. Шчарбатаў.

паляўні́чы 2, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да таго, хто займаецца паляваннем. Паляўнічае таварыства. // Які прызначаны, служыць для палявання. Паляўнічая стрэльба. Паляўнічы сабака. □ Гаспадар сабраў сваё паляўнічае начынне, а.. [жонка] падагрэла падрыхтаванае звечара сняданне. Кірэенка. Траха не кожны тыдзень у Міцькі мяняліся паляўнічыя сабакі. Кулакоўскі. // Звязаны з паляваннем. Паляўнічы промысел. Паляўнічая брыгада. □ — Сёння адкрыццё паляўнічага сезона, а мы дома сядзім. Ляўданскі. // Уласцівы таму, хто займаецца паляваннем. Калі мы рушылі з.. [генералам] у глыб лесу, я вырашыў не адрывацца.. Але хутка прыкмеціў, што генерал «водзіць за нос» мяне з намерам уцячы... Тут ужо апанаваў паляўнічы азарт. О не, дзед, ад мяне адчапіцца не так проста. Шамякін.

2. Ужываецца ў назвах сартоў некаторых харчовых прадуктаў і напіткаў. Паляўнічая каўбаса.

паляце́ць, ‑лячу, ‑ляціш, ‑ляціць; зак.

1. Пачаць перамяшчацца ў паветры; адправіцца паветраным шляхам ў пэўным кірунку. Птушка пырхнула з лодкі і паляцела. Брыль. Паляцелі ў вырай ластаўкі, буслы і шпакі. Чарнышэвіч. Паляцела дзяўчына Самалётам гонкім Над шчаслівай краінай, Пад роднай старонкай. Купала. // Разнесціся, распаўсюдзіцца (пра гукі, словы, голас і пад.). Гул глухі паляцеў ад сасны. Куляшоў. / Пра думкі, мары і пад. Раптам кінула .. [Кузьму] у жар, паляцелі адзін за адным абрыўкі думак. Нікановіч.

2. Накіравацца ад штуршка ў паветра, разляцецца ў паветры. Потым паляцелі ўгору шапкі, узбуджаныя выкрыкі разлегліся далёка ў наваколлі. Дадзіёмаў. Са звонам і спевам паляцелі асколкі гранаты. Колас.

3. перан. Разм. Пачаць хутка перамяшчацца; хутка пайсці, пабегчы, паехаць і пад. Петрык здагадаўся — трэба вады! Ён, як вецер, паляцеў да рэчкі. Гамолка. Лабановіч зрушыў з месца і пайшоў у той бок, куды паляцеў і зараз жа знік магутны поезд. Колас.

4. Разм. Не ўтрымаўшыся ў якім‑н. становішчы, зваліцца, упасці. Зямля скаланулася.. Паравоз стаў на дыбкі і паляцеў пад адхон. Новікаў. Сігануў [Шура ў маліннік], але зачапіўся за корань і паляцеў потырч у гразь. Ставер. // перан. Быць знятым, звольненым з пасады. [Курловіч:] — Мне трэ[ба] было сем галоў мець, каб дастаць такое абсталяванне. Праз яго я траха з дырэктарства не паляцеў, а вы — ліквідаваць. Скрыган. І каб не стаж, не багаты вопыт, паляцеў бы тады Высоцкі з пасады лесніка. Кірэйчык.

5. перан. Быць спешна пасланым, адасланым. Неўзабаве ў раён паляцела паперка. Ваданосаў. Па суроваму загаду на ногі ўзнялася ўся жандармерыя і паліцыя Гродзеншчыны, паляцелі сакрэтныя дэпешы і рэляцыі ў Вільню. С. Александровіч.

6. Пачаць хутка праходзіць (пра час). Паляцелі сумныя аднастайныя дні. Асіпенка.

7. Разм. Зламацца, стаць непрыгодным. [Мікола:] — Што здарылася, дзядзька Клім? — Не паспеў ты адысці ад нас, як жняярка наскочыла на камень. Усе амаль зубцы паляцелі. Кавалёў. [Шамяток:] — У працэсе работы заклёпка знасілася і паляцела. — Куды паляцела? — не зразумеў Міша. — Ну, зламалася. Цяпер трэба на яе месца паставіць новую. Курто.

•••

Паляцець носам — упасці тварам уніз.

паля́чка,

гл. палякі.

палячы́цца, ‑лячуся, ‑лечышся, ‑лечыцца; зак.

Лячыцца некаторы час. — Сёлета мне бясплатную пуцёўку выдалі. У Сачы. Палячыцца ў ваннах Мацэсты. Нешта ногі ў суставах балець пачалі. Грамовіч.

палячы́ць, ‑лячу, ‑лечыш, ‑лечыць; зак., каго-што.

Лячыць некаторы час.

паляшу́к, палешука, м.

Жыхар Палесся. — Вы сібірак? — Не. Паляшук. Гурскі.