паляўні́чы 1, ‑ага, м.
Той, хто займаецца паляваннем. Сюды [на Глухі востраў] рэдка хто заходзіў, хіба толькі самыя дасціпныя паляўнічыя зазіралі. Колас. Праз некалькі мінут.. [лось] выскачыў на невялікую прагаліну і неспадзявана наткнуўся на двух паляўнічых. Шчарбатаў.
паляўні́чы 2, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да таго, хто займаецца паляваннем. Паляўнічае таварыства. // Які прызначаны, служыць для палявання. Паляўнічая стрэльба. Паляўнічы сабака. □ Гаспадар сабраў сваё паляўнічае начынне, а.. [жонка] падагрэла падрыхтаванае звечара сняданне. Кірэенка. Траха не кожны тыдзень у Міцькі мяняліся паляўнічыя сабакі. Кулакоўскі. // Звязаны з паляваннем. Паляўнічы промысел. Паляўнічая брыгада. □ — Сёння адкрыццё паляўнічага сезона, а мы дома сядзім. Ляўданскі. // Уласцівы таму, хто займаецца паляваннем. Калі мы рушылі з.. [генералам] у глыб лесу, я вырашыў не адрывацца.. Але хутка прыкмеціў, што генерал «водзіць за нос» мяне з намерам уцячы... Тут ужо апанаваў паляўнічы азарт. О не, дзед, ад мяне адчапіцца не так проста. Шамякін.
2. Ужываецца ў назвах сартоў некаторых харчовых прадуктаў і напіткаў. Паляўнічая каўбаса.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)