Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

паліва́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Незак. да паліць ​2 (у 1, 3 знач.).

2. перан.; каго-што. Абстрэльваць; страляць доўгімі чэргамі. Вораг паліваў свінцом дарогі, На вадзе ўспыхвалі плыты... Аўрамчык.

паліва́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

Разм. Пасудзіна для палівання ў выглядзе вядра з упаянай у яго трубкай; лейка (у 2 знач.). Купала хадзіў у расхінутым фрэнчы з палівачкай у руках і апырскваў кветкі. Рамановіч.

палі́вачны, ‑ая, ‑ае.

Які служыць для паліўкі. Стаялі на доўгай пустой плошчы, выстраіўшыся ў рад, палівачныя машыны. М. Стральцоў.

палігамі́чны, ‑ая, ‑ае.

Спец. Тое, што і палігамны. Палігамічныя расліны.

паліга́мія, ‑і, ж.

Спец.

1. Мнагашлюбнасць; мнагамужжа і мнагажонства.

2. У жывёл: спароўванне самца на працягу аднаго сезону з некалькімі самкамі.

3. Існаванне на адной расліне двухполых кветак побач з аднаполымі.

[Ад грэч. polý — многа і gámos — шлюб.]

паліга́мны, ‑ая, ‑ае.

Спец. Які мае адносіны да палігаміі. Палігамныя птушкі.

палігана́льны, ‑ая, ‑ае.

Спец. Які мае адносіны да палігона (у 3 знач.).

палігіні́я, ‑і, ж.

Спец.

1. Адна з перажытачных форм шлюбу, пры якой мужчына мае некалькі жонак; мнагажонства.

2. Наяўнасць некалькіх песцікаў на адной кветцы.

[Ад грэч. polý — многа і gynē — жанчына, жонка.]

палігло́т, ‑а, М ‑лоце, м.

Чалавек, які ведае многа моў. Сапраўдным паліглотам свайго часу быў другі буйны дзеяч беларускай культуры — паслядоўнік Скарыны Сымон Будны, які.. дасканала авалодаў беларускай, польскай, царкоўнаславянскай, грэчаскай, лацінскай і стараяўрэйскай мовамі. Жураўскі.

[Ад грэч. polý — многа і glōtta — мова.]

паліго́н, ‑а, м.

1. Участак мясцовасці, спецыяльна абсталяваны для трэніровачнай стральбы і выпрабавання баявой тэхнікі. Артылерыйскі палігон. Танкавы палігон. □ — Сёння мы будзем страляць па наземных цэлях на палігоне, — гаворыць камандзір. «Маладосць».

2. У будаўнічай справе — адкрытая пляцоўка, на якой вырабляюцца жалезабетонныя канструкцыі і дэталі. Тут закладваюцца дзесяткі заводаў будаўнічых матэрыялаў: палігоны жалезабетонных канструкцый, магутныя растворныя вузлы.. Грахоўскі.

3. Спец. Тое, што і многавугольнік (замкнуты або незамкнуты). // Замкнуты і незамкнуты многавугольнік на мясцовасці і на плане.

[Ад грэч. polý — многа і gōnia — вугал.]